Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

зажму́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да зажмурыць.

зажму́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.

Зажмурыць свае вочы, прыкрыць іх павекамі. Казік сціснуўся ў камячок і зажмурыўся ад страху. Чарнышэвіч. // Прыкрыцца павекамі (пра вочы). Вочы зажмурыліся ад сонца.

зажму́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., што.

Прыкрыць павекамі (вочы). І раптам, успомніўшы нешта, стары зажмурыў вочы, як кот, і засмяяўся. Брыль.

зажо́ра, ‑ы, ж. і зажо́р, ‑у, м.

1. Падснежная вада ў ямках і калдобінах на дарозе пры раставанні снегу. Няма дарог. У кожным рове Зажора, пухлы снег, вада. Колас.

2. Затор лёду ў русле ракі ў час ледаходу.

зажу́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., што.

Разм. Прысвоіць ашуканствам, хітрасцю. Зажуліць чужыя грошы.

зажу́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да зажуліць.

зажу́раны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Засмучаны, маркотны. Калі.. маці выйшла з хлява, я не пазнаў яе — такая яна раптам зрабілася сумная, зажураная. Сачанка.

зажурча́ць і зажурчэ́ць, ‑чыць; зак.

Пачаць журчаць, журчэць.

зажуры́цца, ‑журуся, ‑журышся, ‑журыцца; зак.

Разм. Засумаваць, замаркоціцца. Знайшліся такія [хлопцы], што як сала сваё з торбы скончылі, дык і па доме зажурыліся. Крапіва.

за́жыва, прысл. (у спалучэнні з дзеясл. «хаваць», «паліць» і пад.).

Жывым, у жывым стане. — Сам збіраецца сто год жыць, а другіх зажыва хавае. С. Александровіч. Сям’ю Кошуб — бацьку, маці, старэйшага брата і маленькую сястрычку — фашысты спалілі зажыва. Дуброўскі.