Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

кардыялагі́чны, ‑ая, ‑ае.

Прызначаны для лячэння сардэчных хвароб. Кардыялагічны санаторый.

кардыяло́гія, ‑і, ж.

Галіна медыцыны, якая вывучае сардэчныя хваробы і метады іх лячэння.

[Ад грэч. kardía — сэрца і lógos — вучэнне.]

кардыяско́п, ‑а, м.

Прыбор для візуальнага назірання за дзейнасцю сэрца.

кардэбале́т, ‑у, М ‑леце, м.

Калектыў балетных артыстаў, які выконвае групавыя танцы (у адрозненне ад салістаў балету).

[Фр. corps de ballet.]

кардэбале́тны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да кардэбалету. Кардэбалетная танцоўшчыца.

кар’е́р 1, ‑у, м.

Самы хуткі бег каня з пачарговай перастаноўкай разам пярэдніх і задніх ног. Пусціць каня ў кар’ер.

•••

З месца ў кар’ер гл. месца.

[Фр. carrière.]

кар’е́р 2, ‑а, м.

Месца здабычы карысных выкапняў адкрытым спосабам; месца, дзе капаюць гліну, пясок і пад. Тарфяны кар’ер. Пясчаны кар’ер. □ За цагельняй — кар’еры, у якіх капаюць гліну. Навуменка.

[Фр. carrière.]

кар’е́ра, ‑ы, ж.

1. Высокае становішча ў грамадстве, дасягнутае дзейнасцю ў якой‑н. галіне; вядомасць, слава. Рабіць кар’еру. Бліскучая кар’ера. □ Рыхтэр будзе таксама ўпарты: ад таго, ці выкрые ён падпольную арганізацыю, залежыць яго кар’ера. Мікуліч.

2. Род дзейнасці; прафесія, занятак. Ваенная кар’ера. Артыстычная кар’ера. □ Хлопцы, якія жывуць з Блізнюком у адным пакоі, расказвалі, што Раман, трызнячы кар’ерай філосафа і трыбуна, нават у сне гаворыць свае прамовы... Сабаленка.

[Іт. carriera — жыццёвы шлях.]

кар’е́рны 1, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да кар’еру ​1. Кар’ерны алюр.

кар’е́рны 2, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да кар’ера ​2. Кар’ерная распрацоўка карысных выкапняў.

кар’еры́зм, ‑у, м.

Імкненне зрабіць кар’еру, дасягнуць асабістага поспеху, дабрабыту, выкарыстоўваючы ў карыслівых мэтах грамадскую справу. Змагацца з кар’ерызмам. □ — Даўно хацеў выступіць супроць Гарунова, але, па праўдзе табе прызнацца, баяўся, што абвінавацяць у кар’ерызме. Дуброўскі.

кар’еры́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Чалавек, які імкнецца зрабіць кар’еру і клапоціцца толькі пра асабісты поспех, не лічачыся з грамадскімі інтарэсамі. Суіснаваць я адмаўляюся З падлюгамі і кар’ерыстамі. Панчанка. У нашым грамадстве няма месца кар’ерыстам і несумленным людзям. «Звязда».