Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

карба́с, ‑а, м.

Вялікая паморская лодка з высокімі бартамі, прызначаная для перавозкі грузаў.

карбафо́с, ‑у, м.

Фосфараарганічны прэпарат для барацьбы са шкоднымі насякомымі і кляшчамі.

карбі́д, ‑у, М ‑дзе, м.

Злучэнне металу і некаторых металоідаў з вугляродам. Карбід жалеза. Карбід кальцыю.

[Ад лац. carbo — вугаль і грэч. eidos — від.]

карбі́давы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і карбідны.

карбі́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

Разм. Карбідная лямпа. Зямлянку асвятляла яркае сіняватае святло карбідкі. Асіпенка.

карбі́дны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да карбіду, дзейнічае з дапамогай карбіду; карбідавы. Карбідная лямпа. Карбідны ліхтар.

карбо́ванец, ‑нца, м.

Украінская назва рубля.

карбо́лавы, ‑ая, ‑ае.

Які змяшчае ў сабе карболавую кіслату. Карболавы раствор.

•••

Карболавая кіслата гл. кіслата.

[Ад лац. carbo — вугаль і oleum — алей.]

карбо́лка, ‑і, ДМ ‑лцы, ж.

Разм. Карболавая кіслата. Дэзінфіцыраваць карболкай.

карбу́нкул, ‑у і ‑а, м.

1. ‑у. Уст. Каштоўны камень чырвонага колеру; чырвоны гранат. На пальцах [у царыцы] — залатыя пярсцёнкі з аметыстамі і карбункуламі. Бядуля.

2. ‑а. Гнойнае запаленне глыбокіх слаёў скуры і падскурнай клятчаткі.

[Ад лац. carbunculus — вугольчык.]