Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

зало́жнік, ‑а, м.

Асоба, гвалтоўна затрыманая кім‑н. з мэтай прымусіць выканаць якія‑н. абавязацельствы або патрабаванні той дзяржавай, арганізацыяй, да якой належыць гэта асоба. — Майго сына .. заарыштавалі як заложніка, каб я сам да іх прыйшоў. Колас.

зало́жніца, ‑ы, ж.

Жан. да заложнік.

зало́жны, ‑ая, ‑ае.

Абл. Бесперапынны, настойлівы, упарты. Вецер заложны шуміць, не сціхае. Колас.

зало́за, ‑ы, ж.

1. Орган, які выпрацоўвае неабходныя для арганізма рэчывы або выдаляе з арганізма шкодныя рэчывы. Слінная залоза. Потавыя залозы. Малочныя залозы. Залозы ўнутранай сакрэцыі.

2. Абл. Пухліна на шыі пад сківіцамі. І цяжка ёй. Яна ўздыхае, Ідзе, сябе перамагае, І горла ціснуць ёй залозы. Колас.

зало́зісты, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да залозы. Залозістая тканка. Залозістая клетка.

зало́зка, ‑і, ДМ ‑зцы; Р мн. ‑зак; ж.

1. Памянш. да залоза.

2. У раслін — клетка, якая выдзяляе смаляністае або масляністае рэчыва.

зало́знікавыя, ‑ых.

Сямейства двухдольных злучанапялёсткавых раслін, пераважна траў і паўкустоў, да якіх адносяцца братаўка, званец, увярэднік і інш.

зало́зніца, ‑ы, ж.

Дэкаратыўная травяністая або хмызняковая расліна сямейства залознікавых.

зало́м 1, ‑а і ‑у.

1. Дзеянне паводле дзеясл. заломваць — заламаць ​1 (у 1 знач.).

2. ‑а. Заломленае месца на чым‑н. Залом на суку. // Круты, рэзкі выгіб, паварот чаго‑н. [Адась Гушка] знік за заломам акопа. Чорны. Строга звёўшы тонкія, з сярдзітым заломам бровы,.. [Малання] азірнулася. Мележ.

3. ‑а. Зблытаны і заламаны чараўніком пук жытніх сцяблоў, які, па ўяўленню забабонных людзей, мог наклікаць бяду на гаспадара нівы. Вядзьмар і шэпча, і заломы вырывае, і ўсялякім чарадзействам займаецца. Якімовіч.

•••

Заламаць залом гл. заламаць ​1.

зало́м 2, ‑а, м.

Буйны і тлусты каспійскі селядзец. Ужо запаўняюць шырокія бочкі Срабрыстыя омулі, сыты залом. Хведаровіч.

зало́маны,

гл. заламаны.