зало́м 1, ‑а і ‑у.

1. Дзеянне паводле дзеясл. заломваць — заламаць ​1 (у 1 знач.).

2. ‑а. Заломленае месца на чым‑н. Залом на суку. // Круты, рэзкі выгіб, паварот чаго‑н. [Адась Гушка] знік за заломам акопа. Чорны. Строга звёўшы тонкія, з сярдзітым заломам бровы,.. [Малання] азірнулася. Мележ.

3. ‑а. Зблытаны і заламаны чараўніком пук жытніх сцяблоў, які, па ўяўленню забабонных людзей, мог наклікаць бяду на гаспадара нівы. Вядзьмар і шэпча, і заломы вырывае, і ўсялякім чарадзействам займаецца. Якімовіч.

•••

Заламаць залом гл. заламаць ​1.

зало́м 2, ‑а, м.

Буйны і тлусты каспійскі селядзец. Ужо запаўняюць шырокія бочкі Срабрыстыя омулі, сыты залом. Хведаровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)