Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

залкава́ты, ‑ая, ‑ае.

Крыху золкі. Ранішні залкаваты вецярок нешта варушыў паміж.. [слупамі]. Кулакоўскі.

зало́бак, ‑бка, м.

Абл. Франтон. Недзе пад залобкам у гнёздах сонна ціўкалі вераб’і. Асіпенка.

зало́г, ‑у, м.

1. Тое, што і заклад. Ён да таго цынічны, гэты Гайдач, што бярэ ў залог срэбныя і залатыя рэчы. Бядуля. Пасля сканчэння следства Танка выпусцілі да суда пад залог 200 злотых. У. Калеснік.

2. перан. Доказ, сведчанне, гарантыя чаго‑н. Залог дружбы. □ У шчырай адданасці Хв. Шынклера тэме чыгункі беларускія літаратары бачылі залог будучых поспехаў пісьменніка. Арабей.

зало́гавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да залогу (у 1 знач.). Залогавая квітанцыя.

залогадава́льнік, ‑а, м.

Той, хто аддае сваю рэч у залог (у 1 знач.) для гарантавання атрыманай пазыкі.

залогадава́льніца, ‑ы, ж.

Жан. да залогадавальнік.

залогатрыма́льнік, ‑а, м.

Той, хто прымае чужую рэч у залог (у 1 знач.) для гарантавання выдадзенай сумы грошай.

залогатрыма́льніца, ‑ы, ж.

Жан. да залогатрымальнік.

зало́жаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад залажыць.

зало́жна, прысл.

Абл. Бесперапынна, настойліва, упарта. Антось заложна і цярпліва У землю ўкладваў свае сілы. Колас.