Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

камлюкава́ты, ‑ая, ‑ае.

1. З тоўстым, моцным ствалом; камлісты. У садзе, пад старой камлюкаватай грушай, было сховішча. Шамякін.

2. Разм. Пра плячыстага, прысадзістага чалавека. [Ладуцька] сядзеў на прыступцы пад дзвярамі вагончыка, грузны, камлюкаваты. Хадкевіч. Невысокага росту, камлюкаваты, Бярозін быў у вайсковай гімнасцёрцы без пагонаў, з зоркай Героя Савецкага Саюза. Шчарбатаў.

камо́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Невысокая шафа з некалькімі шуфлядамі для хавання бялізны і розных хатніх рэчаў. — Абручальны пярсцёнак у камодзе, — выціснуў гаспадар з дакорам у голасе. Бажко. [Бабейка] згроб паперы са стала і кінуў у шуфляду камоды. Хадкевіч.

камо́к, ‑мка, м.

Разм. Тое, што і камяк.

камо́ра, ‑ы, ж.

1. Халоднае памяшканне пры хаце для захоўвання запасаў ежы, адзення і іншых хатніх рэчаў. Сала і мяса гаспадар склаў у кубелец і паставіў у каморы. Сабаленка. — Цягні мне ўсё! — крычаў ён [Юхім] на Альбіну, — Нясі з каморы яйкі і вяндліну! Нясі! — мне трэба частаваць гасцей! З. Астапенка. Маці.. прынесла з каморы чыстае адзенне. Якімовіч.

2. Бакоўка ў вясковай хаце, дзе звычайна спяць. Дзед.. выносіў мяне праз сенцы ў камору маіх бацькоў і распранаў. Бядуля. Ціха сон у камору ўступае. Багдановіч.

3. Уст. Кантрольны пункт лясніцтва. Наўперад ён праз час каторы Быў пры падлоўчым на каморы. Колас.

камо́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Тое, што і камора (у 1, 2 знач.). [Бацька] устаў, пайшоў у каморку .. і вярнуўся назад з поўнай місай марынаваных грыбоў і кавалкам сала. Бажко. [Рэдактар] пайшоў дамоў, у сваю цесную каморку, запаліў агарак свечкі і стаў пераглядаць сваю газету. Колас. Хворы кухар стагнаў на ложку ў сваёй каморцы. Гарэцкі.

камо́рнік, ‑а, м.

Спецыяліст па межаванню зямельных надзелаў. Стары Чапскі, а потым і яго сыны не хацелі аддаць луг сялу, падкупілі каморнікаў і тыя пераправілі планы. Якімовіч. Панскія каморнікі перамервалі зямлю так, каб селяніну прыпала паменш і самае горшае. Лужанін.

камо́рнікаў, ‑ава.

Які належыць каморніку. На стале ляжалі планы і каморнікавы рысункі. Чорны. Кармянчане панура і маўкліва паглядалі здалёку на каморнікаву работу. Крапіва.

камо́рніцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да каморніка, належыць яму. Каморніцкі абмер зямлі. Каморніцкая рулетка. □ Паўз дарогу бялелі каморніцкія тычкі і межавыя слупы. Чорны.

камо́рніцтва, ‑а, н.

Занятак каморніка; каморніцкая справа.

кампазі́тар, ‑а, м.

Асоба, якая стварае музычныя творы. Кампазітары-класікі. Беларускія савецкія кампазітары.

[Ад лац. compositor — складальнік.]