Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

залаці́ць, ‑лачу, ‑лоціш, ‑лоціць; незак., што.

1. Пакрываць золатам, пазалотай. Залаціць кубак.

2. перан. Асвятляючы, надаваць чаму‑н. залацісты колер. Сонца ўжо амаль схавалася за лес і толькі залаціла верхавіны дрэў. Корбан.

залача́ць, ‑ае; безас. незак.

Світаць. Не прачнуўся бор. Залачае. Барадулін.

залачо́ны і зало́чаны, ‑ая, ‑ае.

Пакрыты золатам; пазалочаны. Паясы-кутасы залачоныя. Якімовіч. Патанаючы ў мяккім залачоным крэсле, інжынер-капітан чытаў .. ліст ад жонкі. Гарбук. З вялікай асцярожнасцю пачаў я даставаць рэчы з гаршка. Усе яны былі сярэбраныя, за выключэннем шкляных залочаных пацерак. Штыхаў.

залачэ́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. залаціць (у 1 знач.). Залачэнне гадзіннікаў.

зала́шчыць, ‑шчу, ‑шчыш, ‑шчыць; зак., каго.

Разм.

1. Стаміць, замучыць ласкамі. Залашчыць шчаня.

2. Выклікаць прыхільнасць да сябе, задобрыць ласкамі. Начная зязюленька Дзённую перакукуе, Залашчыць, задобрыць, Зашэпча і так зачаруе, Што ўсё стане іншым. Танк.

залві́ца, ‑ы, ж.

Абл. і нар.-паэт. Залоўка. Кукавала зязюлечка. Як кукавала, праўду казала, .. Што залвіца — не сястрыца. З нар.

залга́цца, ‑лгуся, ‑лжэшся, ‑лжэцца; зак.

Разм. Заблытацца ў ілганні, хлусні.

зале́ва, ‑ы, ж.

Абл. Заліўны дождж; лівень. Пагаслі ў вірах бліскавіцы, Залева прайшла па лясах. Калачынскі. Густая залева секла мяккае лісце дрэў, хвастала парканы і дахі, змывала з тратуараў бруд і пыл. Савіцкі.

зале́гчы, ‑лягу, ‑ляжаш, ‑ляжа; пр. залёг, ‑лягла, ‑ло; заг. заляж; зак.

1. Легчы на працяглы час, надоўга. Залегчы спаць. □ У пачатку снежня мядзведзіца залягла ў сваім логаве і заснула на ўвесь зімовы час. В. Вольскі. // Легчы за якое‑н. прыкрыццё, схаваўшыся, прытаіўшыся. Прыйшлося адразу залегчы, бо кулі пачалі адшчэп[лі]ваць сухую кару над самай галавой. Кулакоўскі. Хлапчукі асцярожна падкраліся да хлява і заляглі ў вішняку. Ваданосаў.

2. перан. Пакрыць якую‑н. плошчу, тэрыторыю. Ноч падыходзіць. За вокнамі Зноў заляглі бясконца снягі. Караткевіч. // Размясціцца ў зямной кары (пра выкапні). Ажно ў нетрах .. [зямлі] заляглі Скарбы вугалю, нафты і солі. Аўрамчык.

3. Абазначыцца, утварыцца (пра маршчыны і пад.). Вакол вачэй у старшыні заляглі вялікія чорныя кругі. Навуменка.

4. перан. Глыбока запасці ў душу, у сэрца (пра пачуцці). Мулкая глухая трывога залягла ў дзедавым сэрцы. Колас. Звестка гэта абразіла Ціхана. Пад самым сэрцам залягло нейкае агіднае пачуццё. Дуброўскі.

5. Разм. Пра хваравітае адчуванне ў носе, у грудзях. Нос залёг. / у безас. ужыв. Пад вечар адчуў, што залягло ў носе, уначы закашляў, а назаўтра сціснула ў грудзях. Гроднеў.

заледзяне́лы, ‑ая, ‑ае.

Пакрыты лёдам; абледзянелы. За акном бушавала завіруха, на заледзянелыя шыбы сыпаўся снег. Лупсякоў. // Азяблы, халодны як лёд. Заледзянелыя рукі.