касьба́, ‑ы, ж.
1. Дзеянне паводле дзеясл. касіць (у 1 знач.); кашэнне. Касьба канюшыны. □ Раніцою жанчына застала Уладзіміра Ільіча за касьбой — гэта была яго ранішняя гарадка. Гурскі.
2. Пара, калі косяць травы; касавіца. Прайшоў гадок, мінуў другі, Ў касьбу запахлі мурагі. Колас. З чэрвеня на ліпень лугі губляюць краскі. З чэрвеня на ліпень у Грыпях касьба. Пташнікаў.
кася́к 1, ‑а́, м.
1. Разм. Тое, што і вушак. Віктар адышоў да дзвярэй, прытуліўся плячамі да касяка, дастаючы стрыжанай галавой да самай столі. Шамякін.
2. Пра косы, косавугольны або размешчаны коса прадмет. Апрануты .. [Жан] быў у новенькі, адпрасаваны, моднага крою карычневы касцюм з касяком белай хусцінкі ў кішэньцы на грудзях. Новікаў. Унізе плыве вялізны жоўты касяк калгаснай грэчкі. Краўчанка.
3. у знач. прысл. касяко́м. Коса, наўскасяк. Трое цёмных фігур пераходзілі касяком праспект. Гартны.
кася́к 2, ‑а́, м.
1. Гурт кабыл з адным жарабком.
2. Чарада птушак, рыб. Гусцела імгла, а белыя касякі гусей яшчэ не вылазілі з рэчкі. Пташнікаў. Вада чыстая, празрыстая, і з байдаркі добра відаць, як цэлыя касякі маленькіх рыбак жвава і весела мітусяцца над пясчаным дном. В. Вольскі. // у знач. прысл. касяко́м, касяка́мі. У вялікай колькасці, вялікімі групамі. Шчасце ходзіць у адзіночку, гора плыве касяком. Асіпенка. Плылі сузор’і касякамі ў небе — І мы закінулі на шчасце невад. Блатун.
касячо́к 1, ‑чка, м.
Памянш.-ласк. да касяк 1. // Невялікая металічная набойка на абцас. Падбіваць касячкі.
касячо́к 2, ‑чка, м.
Памянш.-ласк. да касяк 2.