Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

калесава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. калесаваць.

калесава́ць, калясую, калясуеш, калясуе; зак. і незак., каго.

Гіст. Пакараць (караць) смерцю на спецыяльным коле.

кале́снік, ‑а, м.

Майстар, які вырабляе колы, калёсы. Калеснік канчаў насаджваць спіцы, і каваль не замарудзіў з нацяжкай шыны. Пальчэўскі.

кале́т, ‑а, М ‑леце, м.

1. Кароткі вайсковы мундзір з белага сукна ў дарэвалюцыйнай рускай арміі і ў некаторых заходнееўрапейскіх арміях.

2. Род шырокага адкладпога каўняра ў сярэдневяковай вопратцы.

[Фр. collet.]

кале́цтва, ‑а, н.

1. Пашкоджанне арганізма, якое робіць цяжкім або немагчымым яго нармальнае функцыяніраванне. [Арлоўскі] радаваўся, што, не зважаючы на цяжкае калецтва, ён яшчэ патрэбен людзям. Паслядовіч. Нават каб і мог ён [Зыгмунт] дзе-небудзь знайсці работу, дык не можа з-за свайго калецтва стаць на яе. Чорны. // Псіхічны стан арганізма з такім пашкоджаннем. Ласкавасць ад усяго свету, а не ад аднаго толькі чалавека, выратуе дзіцячую душу ад псіхалагічнага калецтва. Чорны.

2. Калечанне, знявечанне. Пасля калецтва прыкра было бачыць князю кухара з заткнутым вухам, і ён ніколі ўжо не гукаў яго на параду аб стравах. Гарэцкі.

кале́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

Зябнуць, мерзнуць. Калець на марозе. □ Вецер працінаў наскрозь, калелі рукі і ногі. Хадкевіч.

кале́чанне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. калечыць.

кале́чыцца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; незак.

1. Станавіцца калекам (калекай), нявечыцца.

2. Зал. да калечыць.

кале́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак., каго-што.

1. Рабіць калекам (калекай). Нас, малых, калечылі і фізічна і маральна. Бядуля. — Як жа гэта вы дапушчаеце, каб людзі на вашых вачах калечылі адзін другога? Колас. // Пашкоджваць, раніць (цела, рукі, ногі і інш.). Калечыць ногі.

2. перан. Псаваць, нявечыць маральна, рабіць непаўнацэнным. Калечыць жыццё. Калечыць душу. // Псаваць, скажаць, надаваць чаму‑н. іншую форму, сэнс. Зрэбная кашуля скрозь вылатаная, але яна не можа ўжо калечыць абрысы.. [Любінага] цела. Чорны. Асабліва псуюць і калечаць мову бяздумным калькавыя пераклады і так званыя канцылярызмы. Скрыган.

калёвачны, ‑ая, ‑ае.

Які служыць для калёўкі (у 1 знач.). Калёвачны станок.