Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

капро́н, ‑у, м.

Штучнае валакно высокай трываласці з сінтэтычнай поліаміднай смалы. // Тканіна з гэтага валакна. // Разм. Панчохі з капронавага валакна.

капро́навы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да капрону. Капронавая вытворчасць. // Зроблены з капрону. Капронавыя панчохі. Капронавая сукенка. Капронавы трос. Капронавая сетка.

капры́з, ‑у, м.

1. Беспадстаўнае, але настойлівае жаданне, патрабаванне; недарэчная задума, дзівацтва. Дзіцячы капрыз. Жаночы капрыз. □ У Толі быў адзін капрыз. Амаль кожны месяц маці купляла яму ці новыя туфлі, ці сандалеты, а яны хлопчыку ўсё былі не даспадобы. Даніленка.

2. перан. Што‑н. нечаканае, выпадковае. Капрыз прыроды. Матор з капрызамі. □ Наставала.. [зіма] няроўна, марудна, з частымі капрызамі. Хадкевіч.

[Фр. caprice.]

капры́за, ‑ы, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑е, Т ‑ай, ж.

Разм. Капрызны чалавек, капрызнае дзіця. Не ў казцы жылі, а ў сяле Сяміцвет — І тата, і мама, і бабка, і дзед. А ў іх быў любімы сыночак-унук — Раздура, распуста, капрыза Янук. Яго абувалі, Яго разу валі, Яго апраналі, Яго распраналі, Лішняга кроку Ступіць не давалі... Муравейка.

капры́зіць, ‑рыжу, ‑рызіш, ‑рызіць; незак.

Паводзіць сябе капрызна, быць капрызным. Душна і цесна ў калысцы дзедавай Нінцы..; плача дзіця, капрызіць. Колас. Марына ў апошні час стала нешта злавацца, капрызіць. Шахавец.

капры́знасць, ‑і, ж.

Уласцівасць капрызнага.

капры́знік, ‑а, м.

Капрызны чалавек, капрыза.

капры́зніца, ‑ы, ж.

Жан. да капрызнік.

капры́знічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Тое, што і капрызіць. Заўсёды, калі хто з дзяцей пачынае капрызнічаць ці наогул хандрыць, толькі ён, бацька, можа кожнаму рады даць. Гроднеў.

капры́зны, ‑ая, ‑ае.

1. Свавольны, наравісты, з капрызамі. Капрызнае дзіця. Капрызны чалавек. // Які выражае капрыз. Капрызны голас. Капрызны твар. □ [Акушэрка] сустракала Сяргея больш стрымана, крывячы ў ледзь прыкметнай усмешцы.. капрызны маленькі рот. Сіўцоў.

2. перан. Поўны нечаканых перамен, выпадковасцей; няўстойлівы. Капрызны лёс. Капрызнае надвор’е. □ Нёман стромкі, капрызны, а па ім — плыты, бясконца плыты... Васілевіч.