Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ка́пля, ‑і; Р мн. ‑пель; ж.

1. Невялічкая акруглая часцінка якой‑н. вадкасці; кропля. Капля расы. Каплі поту на твары. □ З халодным ветрам урываліся частыя каплі дажджу, адганялі сон, бадзёрылі. Лынькоў. Капля слёз на зрэбнай кашулі Здавалася капляй крыві. Чарот.

2. толькі мн. (ка́плі, ‑пель). Разведзенае на чым‑н. лякарства, якое прымаецца па пэўнай колькасці такіх часцінак. Сардэчныя каплі. Мятныя каплі: Выпіць капель.

3. перан.; толькі адз., чаго. Разм. Самая нязначная колькасць чаго‑н. Газы ў лямпе засталася адна капля. // у знач. прысл. ка́плю. Зусім нямнога, чуць-чуць. Удзяліць каплю ўвагі.

•••

Да (апошняй) каплі — усё без астатку (выпіць, расходаваць і пад.).

Да апошняй каплі крыві — ахвяруючы ўсім, не шкадуючы жыцця (змагацца, біцца, абараняцца і пад.).

Капля за капляй — паступова, патрошку.

Капля ў каплю — абсалютна, поўнасцю (падобен, супадае і пад.).

Капля ў моры — вельмі нязначная колькасць у параўнанні з чым‑н. вялікім.

Ні каплі — ніколькі, ані.

Ні каплі ў рот не браць гл. браць.

Як дзве каплі вады — абсалютна, поўнасцю (падобен, супадае і пад.).

капну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

Разм. Тое, што і капну́ць (у 2 знач.).

ка́пнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Аднакр. да ка́паць.

капну́ць, ‑ну́, ‑не́ш, ‑не́; ‑нём, ‑няце́; зак.

1. Аднакр. да капа́ць (у 1 знач.).

2. перан. Унікнуць у што‑н., дабрацца да чаго‑н. Толькі капні — адразу заўважыш недахопы.

капо́к, ‑пку, м.

Валакно, якое здабываюць з пладоў так званага баваўнянага дрэва і выкарыстоўваюць для набівання матрацаў і розных тэхнічных мэт (гукаізаляцыі і пад.).

[Малайск. kapok.]

капо́т 1, ‑а, М ‑поце, м.

1. Уст. Жаночае хатняе плацце шырокага пакрою з рукавамі і разрэзам спераду. На сляпой цяпер быў старамодны капот у доўгіх жоўтых палосах, на нагах — сандалі. Бядуля. // Доўгі кафтан. Абрам у доўгім чорным капоце, які блішчэў на грудзях ад заношанасці, стаяў сярод майстэрні і на пальцы сукаў суравую нітку. Пестрак.

2. Адкідная металічная накрыўка ў машынах, механізмах, якая ахоўвае іх ад пылу, вільгаці і інш. Капоты на дзвюх машынах былі падняты; нешта ладзячы, шафёры корпаліся ў маторах. Шахавец. [Лёнька] падышоў да сваёй паўтаратонкі, рэзка адкінуў капот і, нырнуўшы да матора з галавою, пачаў там нешта бразгаць гайкамі і ключамі. Краўчанка.

[Фр. capote.]

капо́т 2, ‑а, М ‑поце, м.

Тое, што і капатаж.

капо́та, ‑ы, ДМ ‑поце, ж.

Разм. Тое, што і капот ​1 (у 1 знач.).

капра́л, ‑а, м.

Воінскае званне малодшага камандзіра ў арміях некаторых краін і ў рускай арміі з 17 да першай палавіны 19 стагоддзя. // Асоба, якая мае гэта званне. Хвіліны праз дзве з’явіўся капрал і далажыў пану Крулеўскаму аб прыводзе злачынцаў. Колас.

[Фр. caporal.]

капралакта́м, ‑у, м.

Арганічнае злучэнне, якое служыць сыравінай для вытворчасці капронавага валакна.

капралакта́мавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да капралактаму. Капралактамавая вытворчасць.

капра́льскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да капрала, належыць яму. Капральскі мундзір.