капі́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
Разм. Капіравальная папера. Пісаць пад капірку. □ З канапы Валодзя дастаў пішучую машынку, падрыхтаваў паперу, капірку і пачаў друкаваць зводку. Новікаў.
капіро́вачны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да капіроўкі. Капіровачныя работы.
капіро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы, ж.
Дзеянне паводле дзеясл. капіраваць (у 1, 3 знач.).
капіро́ўшчык, ‑а, м.
Чалавек, які займаецца капіроўкай, капіраваннем.
капіта́л, ‑у, м.
1. Вартасць, якая прыносіць яе ўладальніку-капіталісту прыбавачную вартасць шляхам эксплуатацыі наёмных рабочых. Прамысловы капітал. Фінансавы капітал. Манапалістычны капітал. // толькі адз. Капіталісты, буржуазія як клас; капіталізм. Краіны капіталу.
2. Разм. Сума грошай (звычайна вялікая). Некалькі дзесяткаў заробленых рублёў зараз здаваліся Лабановічу значным капіталам, з якім весялей заглядалася ў заўтрашні дзень. Колас. Дагэтуль Зося насіла ўвесь свой капітал у хустачцы, туга заціснуўшы вузлом і медзякі і паперкі. Брыль.
3. перан. Багацце, каштоўнасць, скарб. [Бондар:] Людзі — найдаражэйшы капітал. Сапраўдны чалавек — найвялікшае багацце. Гурскі.
•••
Асноўны капітал — частка капіталу, якая затрачваецца на набыццё сродкаў вытворчасці.
Іміграцыя капіталу гл. іміграцыя.
Пераменны капітал — частка капіталу, якая затрачваецца на наём рабочай сілы.
Прамысловы капітал — капітал, які функцыяніруе ў сферы капіталістычнай матэрыяльнай вытворчасці і праз эксплуатацыю наёмных рабочых дае прыбавачную вартасць.
Фінансавы капітал — зрошчаны капітал банкаўскіх і прамысловых манаполій.
Мёртвы капітал — а) каштоўнасці, маёмасць, якія не прыносяць даходу; б) перан. пра ідэі, думкі, веды і пад., што не знаходзяць сабе прымянення.
капіталаёмкі, ‑ая, ‑ае.
Які патрабуе вялікіх капіталаўкладанняў. Капіталаёмкая галіна народнай гаспадаркі.
капіталаўклада́нне, ‑яў; адз. капіталаўкладанне, ‑я, н.
Сродкі, расходаваныя на будаўніцтва, стварэнне, развіццё чаго‑н. Капіталаўкладанні ў хімічную прамысловасць. Акупнасць капіталаўкладанняў.
капіталізава́цца, ‑зуецца; зак. і незак.
1. Ператварыцца (ператварацца) у капітал (у 1 знач.).
2. толькі незак. Зал. да капіталізаваць.
капіталізава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., што.
Правесці (праводзіць) капіталізацыю.