Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

капуцы́н, ‑а, м.

1. Манах рымска-каталіцкага францысканскага ордэна, які носіць плашч з капюшонам.

2. Род амерыканскіх малп з доўгімі валасамі на галаве.

[Іт. cappuccino ад cappuccio — капюшон.]

капце́ць, капціць; незак.

Разм.

1. Тое, што і капціць (у 1 знач.). Лямпы, што віселі пад столлю, хліпалі, капцелі. Шамякін. Газа была не чыстая, святла давала мала, капцела многа. Новікаў.

2. перан. Жыць без мэты, без справы. — Людзі горы варочаюць, а вы? .. Дармаедамі думаеце век капцець... Лынькоў.

капцёрка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Разм. Ротны або батальённы склад вайсковай амуніцыі і абмундзіравання. У ротнай капцёрцы стаяць мае боты, што зведалі добра далёкія маршы. Вялюгін.

капці́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

Разм. Самаробнае асвятляльнае прыстасаванне на газе; лямпа без шкла. Яшчэ нядаўна ў вокнах местачковых хат мільгацелі цьмяныя аганькі капцілак, камінк[а]ў, а школа зыркала электрычнымі агнямі. Навуменка.

капці́цца, капчуся, копцішся, копціцца; незак.

1. Пакрывацца слоем копаці, сажы.

2. Зал. да капціць (у 2, 3 знач.).

капці́ць, капчу, копціш, копціць; незак.

1. Выдзяляць копаць, сажу пры гарэнні; куродымець. Дзве вісячыя лямпы задыхаліся ўгары ад сціснутага паветра, міргалі і капцілі. Васілевіч.

2. што. Пакрываць копаццю, сажай. Хутка газавыя лямпы пакінуць капціць столі калгасных дамоў. Шахавец.

3. што. Разм. Абкурваць дымам, вэндзіць (мяса, рыбу і інш.). [Шышак] хапае будачніку, каб па вясне капціць кумпякі, а ў чэрвеньскія вечары бараніцца ад камароў, заедзі куродымам. Навуменка.

•••

Капціць неба — жыць без мэты, без справы, не прыносячы карысці грамадству.

капцю́р,

гл. кіпцюр.

капчу́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

Разм. Дробная вэнджаная рыба.

капшу́к, ‑а, м.

Мяшочак для тытуню, махоркі, які сцягваецца шнурком; кісет. — Закурвайце, мужчыны! — адазваўся Сымон, выняўшы з-за пазухі вялікі капшук з тытунём. Чарот. Дзядзька Антось спыніўся, дастаў капшук з самасадам, скруціў папяросу, выкрасаў агонь. С. Александровіч.

капы́л, ‑а, м.

1. Кавалак дрэва ў форме ступні, на якім шавец робіць абутак. Каб абутак шыць па мерцы: не вялікі, не малы, Прымяраеш, круціш-верціш — Падбіраеш капылы. Непачаловіч. Я па-суседску часта забягаў паглядзець, як Пятро сукаў дратву, як ён нацягваў на капыл выцяжкі. Сабаленка.

2. Адзін з драўляных брускоў, якія ўстаўляюцца ў палазы і служаць апорай для кузава саней. Даніла справаю заняты — На сані чэша капылы. Колас. [У зямлянцы Сымона] ішлі самыя гарачыя дыскусіі..: з якога дрэва лепш зрабіць капыл, які полаз трывалейшы. Лынькоў.

•••

Гнуць на свой капыл гл. гнуць.

І з капылоў далоў гл. далоў.

На чый капыл — чыім‑н. спосабам, на чый‑н. манер (рабіць, раўняцца і пад.).

Усё (усе) на адзін капыл — аднолькава, аднолькавымі (парабіць, зрабіць, атрымацца).