каню́шневы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да канюшні. Канюшневыя дзверы.
каню́шня, ‑і, ж.
1. Памяшканне для коней. Паблізу рачулкі размяшчаўся гаспадарчы двор — канюшня галоў на сорак, кароўнік і свінарнік. Хадкевіч. [Коні] былі рахманыя, павольныя, надта цягавітыя стварэнні, стаялі ў пабеленай канюшні, крытай бляхаю. Мікуліч.
2. Неадабр. Пра бруднае запушчанае памяшканне.
•••
Аўгіевы канюшні — тое, што і аўгіевы стайні (гл. стайня).
каню́шы, ‑ага, м.
Гіст. Прыдворны чын у Рускай дзяржаве 15–17 стст. // Асоба, якая мела гэты чын і загадвала царскімі канюшнямі.
канюшы́на, ‑ы, ж.
Шматгадовая, радзей аднагадовая кармавая травяністая расліна сямейства бабовых з трайчастым лісцем і шарападобнымі кветкамі. Чырвоная канюшына. Белая канюшына. Скасіць канюшыну.
канюшы́нішча, ‑а, н.
Поле, з якога сабралі канюшыну або на якім папярэдняй культурай была канюшына. — І няма чаго сеяць на канюшынішчы жыта, — даводзіў адзін з брыгадзіраў, — калі ў наступную вясну можна пасеяць, напрыклад, яравую пшаніцу. Кулакоўскі.
канюшы́нны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да канюшыны. Канюшыннае насенне. Канюшынная атава. // Засеяны канюшынай. Канюшыннае поле.
ка́ня, ‑і, м.
1. Драпежная птушка сямейства ястрабіных, дакучлівы манатонны крык якой нагадвае слова «піць»; сарыч, канюк. Прытаіцца да моху русалка, лясун, Каня вечнага «піць» не заводзіць. Пад звон-песню жывучых гусляравых струн Для ўсіх папараць-кветка ўзыходзіць. Купала.
2. Абл. Кнігаўка. Пералётам да балот далі аб сабе знаць кані. Гартны.
каняво́д, ‑а, М ‑дзе, м.
1. Чалавек, які займаецца конегадоўляй.
2. Тое, што і канавод 1. Цыбулька загадаў выдаць Кітайчонку вінтоўку і абмундзіраванне і прызначыў да сябе каняводам. Шчарбатаў.
каня́жына, ‑ы, ж.
Разм. Тое, што і каняка. Каняжына, захропшы, ірванула. Гурскі.