Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

кан’юга́цыя, ‑і, ж.

У біялогіі — палавы працэс у інфузорый, водарасцей.

[Ад лац. conjugatio — злучэнне.]

каню́к, ‑а, м.

Тое, што і каня (у 1 знач.). Над полем кружылі два вялізныя канюкі. Федасеенка. Дразды ды заранкі, якія жылі побач, ніколі не баяліся канюкоў, якія луналі ў небе. Ігнаценка.

кан’юнкту́ра, ‑ы, ж.

1. Становішча, якое склалася ў пэўнай галіне грамадскай дзейнасці; абставіны, сітуацыя. Міжнародная кан’юнктура. Палітычная кан’юнктура. Спрыяльная кан’юнктура.

2. Сукупнасць прымет, якія характарызуюць стан таварнай гаспадаркі: змяненне цэн, курс каштоўных папер, аб’ём выпуску прадукцыі і пад. Эканамічная кан’юнктура.

[Лац. conjunctura.]

кан’юнкту́рны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да кан’юнктуры. Кан’юнктурныя паказчыкі. Кан’юнктурныя цэны.

кан’юнкту́ршчык, ‑а, м.

Разм. Беспрынцыповы чалавек, які змяняе свае паводзіны ў залежнасці ад той ці іншай кан’юнктуры; прыстасаванец.

кан’юнкту́ршчына, ‑ы, ж.

Разм. Адносіны да чаго‑н., паводзіны, дзеянні, абумоўленыя кан’юнктурай, а не прынцыпамі, перакананнямі.

кан’юнкту́ршчыца, ‑ы, ж.

Разм. Жан. да кан’юнктуршчык.

кан’юнкты́ва, ‑ы, ж.

Слізістая абалонка вока, якая пакрывае ўнутраную паверхню павек і пярэднюю частку вочнага яблыка.

[Ад лац. conjunctivus — злучальны.]

кан’юнктыві́т, ‑у, М ‑віце, м.

Запаленне кан’юнктывы. Хранічны кан’юнктывіт.

каню́х, ‑а, м.

Абл. Каня, канюк. Ад спякоты крычыць, аж: заходзіцца, канюх, — просіць піць: сасмяг там пад сонцам. Пташнікаў.