Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

капулі́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., што.

Зрабіць (рабіць) капуліроўку.

капуліро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы, ж.

Прышчэпка чаранком, у адрозненне ад акуліроўкі — прышчэпкі вочкам.

[Ад лац. copulare — злучаць.]

капуля́цыя, ‑і, ж.

Палавы працэс у ніжэйшых арганізмаў (грыбоў, водарасцей).

[Ад лац. copulatio — савакупленне.]

капу́н, ‑а, м.

Разм. Той, хто капаецца, робіць усё занадта марудна.

капу́снік, ‑у і ‑а, м.

1. ‑у. Разм. Агарод, поле, засаджанае капустай. Маці ў капусніку была, .. капусту палола там. Ставер.

2. ‑у, зб. Разм. Капуснае лісце. Наламаць капусніку. □ Пасярод двара стаяла карова і ела з кучы капуснік. Чорны.

3. ‑а; перан. Вечарынка ў акцёраў, студэнтаў і інш. з самадзеннымі нумарамі жартаўліва-парадыйнага характару.

капу́снішча, ‑а, н.

Участак поля, які быў пад капустай.

капу́сны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да капусты. Капусны ліст. // Прыгатаваны з капусты; з капустай. Капусныя катлеты.

2. Як састаўная частка некаторых назваў шкоднікаў капусты. Капусная тля. Капусны чарвяк.

капу́ста, ‑ы, ДМ ‑сце, ж.

1. Агародная расліна, лісце якой звіваецца ў качаны, а таксама самі качаны, якія ідуць у ежу. Садзіць капусту. Шаткаваць капусту. □ Усе лета вазілі [калгаснікі] агуркі, памідоры, капусту на калгасны рынак. Шамякін. Тут жа на лабяку паўз дарогі жанчыны секлі лысыя качаны капусты. Дуброўскі.

2. Вараная страва з крышанага качана гэтай расліны. Шчаслівая цётка Палашка тым часам падае на стол міску гарачай капусты. Якімовіч.

•••

Зайцава капуста — тое, што і кісліца.

Марская капуста — марскія водарасці, якія ўжываюцца як ежа і як лячэбны сродак.

Цвятная капуста — асобы від капусты, суквецце якой ідзе ў ежу.

Крышыць на капусту гл. крышыць.

капу́т, нескл., м.; у знач. вык.

Разм. Канец, смерць. — Капут яму, пане. Дзе ж ён будзе жывы, паляжаўшы ў такой вадзе. Не ўжо. Галавач. На другі тыдзень схапіла мяне ў дадатак яшчэ і ліхаманка. Аслабеў зусім, думаў — капут! Карпюк.

[Ням. Kaputt.]

капу́ха, ‑і, ДМ ‑пусе, ж.

Разм. Жан. да капун.