задубяне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Тое, што і задубець. На Алімпе не было сухога рубца, уся яна задубянела. Алешка.
задува́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да задуць.
задудзе́ць, ‑дуджу, ‑дудзіш, ‑дудзіць; зак.
Пачаць дудзець.
задуду́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Разм. Пачаць дудукаць.
заду́жа, прысл.
Разм. Празмерна, занадта. Хоць задужа і не выхваляўся дачкой Астап, але ж ганарыўся ёю і ўспамінаў ці яе з павагай. Лынькоў.
заду́ма, ‑ы, ж.
1. Тое, што задумана, намечана зрабіць; намеры, план. Здзяйсненне задумы заўсёды радуе, хвалюе. Дадзіёмаў. — Ёсць у мяне сякія-такія задумы, як палепшыць работу цэха, — Булай загаварыў ужо спакойным дзелавым тонам. Шыцік.
2. Асноўная думка, ідэя мастацкага твора; замысел. У байцы «Варона і чыж» .. няма ніводнай дэталі, якая не служыла б вырашэнню аўтарскай задумы — высмеяць пустую ганарыстасць і ліслівую ўгодлівасць. Казека. [Герой твора] часта выступае як носьбіт пэўнай ідэі, задумы пісьменніка. Арабей.
3. Задуменнасць, заклапочанасць. Дзед ляжаў у глыбокай задуме, маўчаў. Лынькоў. Канцавы павярнуў галаву і, як быццам устрапянуўшыся ад задумы, паглядзеў на мяне. Брыль.
заду́маны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад задумаць.
2. у знач. прым. Агорнуты думкамі; задуменны, заклапочаны. Стомлены і крыху задуманы, Паддубны прывітаўся са Сцяпанам і моўчкі цяжка сеў на пень. Пестрак. Я запяю пра жыццё маладое, Больш я не буду задуманым, сумным! Танк.
заду́мацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. Пачаць думаць, разважаць над чым‑н., пра што‑н. Ёсць над чым задумацца. □ Мікола задумаўся над сваім апошнім учынкам. Бядуля. // Аддацца думкам, упасці ў задуменнасць. Задумацца на момант. □ Кастусь сеў пад бярозу на мяккую, як падушка, рудую купіну, задумаўся. Ваданосаў.
2. звычайна з інф. Паказаць, выявіць нерашучасць у чым‑н.; завагацца. Сказана гэта было такім катэгарычным тонам, што я, прызнацца, задумаўся: ехаць ці не. Ляўданскі.
3. безас. каму з інф. Разм. Прыйсці ў галаву; захацецца. Задумалася мне пайсці ў кіно. Задумалася яму пакатацца на лыжах.
заду́маць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
1. таксама з інф. У думках вырашыць зрабіць што‑н. Задумаць важную справу. □ Задумала маці летам курыную гаспадарку развесці і купіла недзе тры курыцы і пеўня. Лынькоў.
2. У думках выбраць, вызначыць што‑н. Задумаць цотны лік.