Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

зака́шляцца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; зак.

Зайсціся моцным працяглым кашлем. Хлапчук ахвотна зацягнуўся дымам і закашляўся. Чорны. Кірыла кінуў у касцёр ламачча. Дым пацягнула на жанчын. Яны закашляліся, але з лавачкі не сышлі. Шамякін.

зака́шляць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак.

Пачаць кашляць. // Кашлянуць некалькі разоў запар. Праз нейкі час на веранду выйшаў Пілацееў. Сяляне закашлялі і паціху, амаль разам, прывіталіся. Галавач.

закаштава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., чаго і без дап.

Разм. Паспрабаваць на смак; пакаштаваць. Закаштаваць каравая.

зака́яцца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Даць сабе слова, абяцанне не рабіць чаго‑н. у далейшым; зарачыся. Закаяцца піць гарэлку.

заква́каць і закво́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Пачаць квакаць, квокаць.

заквакта́ць, ‑квакчу, ‑квокчаш, ‑квокча і заквахта́ць, ‑квахчу, ‑квохчаш, ‑квохча; зак.

Пачаць квактаць, квахтаць.

заква́сіцца, ‑сіцца; зак.

Стаць кіслым у выніку браджэння; закіснуць. Капуста заквасілася.

заква́сіць, ‑квашу, ‑квасіш, ‑квасіць; зак., што.

Зрабіць кіслым, выклікаўшы браджэнне. Заквасіць капусту.

заква́ска, ‑і, ДМ ‑квасцы, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. заквашваць — заквасіць.

2. Рэчыва, якое выклікае закісанне, браджэнне. Закваска на цеста.

3. перан. Разм. Асновы характару, закладзеныя ў чалавеку выхаваннем, асяроддзем і пад. Бацька працаваў урачом і быў, як я потым зразумеў, інтэлігент з вельмі моцнай закваскай таго «разначынца», які так характэрны для рускай рэчаіснасці. Адамовіч.

закватарава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак.

Разм. Стаць на кватэру; пасяліцца. Спярша Кірыла Арлоўскі закватараваў у свайго брата Паўла. Паслядовіч. Круглоў часова закватараваў у Міхася Стралкова, з якім яны працавалі ў адным аддзеле рэдакцыі. Сабаленка.