Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

заслані́ць, ‑сланю, ‑слоніш, ‑слоніць; зак., каго-што.

1. Закрыць, загарадзіць сабою або чым‑н. Нізкія і вузкія дзверы зямлянкі засланіла вялікая постаць чалавека. Шамякін. Антось падбег да акна, спіной засланіў разбітую шыбу. Мележ. // Закрыць засланкай (печ). [Люба] загарнула жар, засланіла печ, дастала штосьці з-пад прыпека і пачала вячэраць. Чорны. // перан. Пазбавіць магчымасці чуць, бачыць, разумець і пад. (пра органы пачуццяў). Усё памутнела ў галаве, вочы засланіў нейкі густы змрок. Шчарбатаў. / у безас. ужыв. Слухае маці і нічога не цяміць, як бы ёй розум засланіла. Колас.

2. перан. Адсунуць на задні план. Уражанні першага школьнага дня, здавалася, засланілі ўсе іншыя інтарэсы і падымалі ў хлопцаў настрой. Колас. Іншае, моцнае і радаснае пачуццё засланіла на момант усё астатняе. Якімовіч.

•••

(Увесь) свет засланіць — а) зрабіць жыццё пакутным, бязрадасным. Вайна, як гром, абарвала добрыя надзеі, засланіла цемрай свет. Кавалёў; б) прымусіць забыць пра ўсё на свеце. Дзіця засланіла Клаўдзіі Аляксееўны ўвесь свет. Карпюк.

за́сланка і засло́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Прыстасаванне (звычайна бляшаны ліст з ручкай), якім засланяюць топку печы. Хацела [маці] засланіць печ і сагнулася, каб узяць з-пад прыпечка засланку. Галавач. Сымон адчыніў засланку і зірнуў у печ. Чарнышэвіч.

2. Прыстасаванне для закрывання якіх‑н. адтулін. Адзін з асобаатрадчыкаў пазваніў, за кратамі адсунулася заслонка, нехта глянуў адтуль. Самуйлёнак.

засланя́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

1. Незак. да засланіцца.

2. Зал. да засланяць.

засланя́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да засланіць.

засла́цца, ‑сцелецца; зак.

Пакрыцца, завалачыся чым‑н. Агонь зашыпеў і заслаўся парай і дымам. Лобан.

засла́ць 1, ‑шлю, ‑шлеш, ‑шле; ‑шлём, ‑шляце; зак., каго-што і чаго.

Разм.

1. Адправіць, пераслаць куды‑н., каму‑н. Кірыл сказаў да матушкі ціха: — Зашлі ты.. [жонцы Каваля] цераз Параску чаго. Колас. // Патаемна пераправіць, даставіць куды‑н. Заслаць лазутчыка.

2. Паслаць, саслаць куды‑н. далёка. Заслаць на край свету.

засла́ць 2, ‑сцялю, ‑сцелеш, ‑сцеле; што.

1. Пакрыць якую‑н. паверхню чым‑н. Заслаць ложак. □ Бабка Параска .. дастала свой чысты настольнік і заслала стол. Колас.

2. Пакрыць, завалачы сабой (пра хмары, туман, слёзы і пад.). Шэрань заслала палі, схавала абрысы ўзгоркаў і пералескаў, ахутала бярозавыя гаі і прысады ля дарог. Хадкевіч. Мутная імгла заслала старэчыя вочы дзеда Кандрата. Пестрак. / у безас. ужыв. Родны бераг імглою заслала. Танк.

засле́джаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад заслядзіць.

засле́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да заслядзіць.

засле́плены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад засляпіць.

засле́плівацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да засляпіцца.

2. Зал. да заслепліваць.