закапці́ць, ‑капчу, ‑копціш, ‑копціць; зак., каго-што.
Пакрыць сажай; задыміць 1. Сцены, дзверы шэрыя закапціў дымок. Машара. Твары ў людзей скрозь былі стомленыя, нібы дым крануў іх, закапціў шэрай копаццю. Мікуліч.
закапы́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., што.
Разм. Скрывіць, надзьмуць (губы), выражаючы гнеў, незадаволенасць і пад. Сарока закапыліла губы, пакрыўджаная, злосная. Мележ.
закапы́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да закапыліць.
закара́вець, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Разм. Зрабіцца каравым; закарэць (у 2 знач.). Кажух закаравеў. Анучы закаравелі.
закаране́ласць, ‑і, ж.
Уласцівасць закаранелага. Мы крытыкуем усялякую рэакцыйнасць, тупую закаранеласць думкі. Чорны.
закаране́лы, ‑ая, ‑ае.
Застарэлы, які цяжка паддаецца зменам. Закаранелая хвароба. Закаранелыя звычкі. // Упарты, непапраўны. Закаранелы гультай. Закаранелы ўласнік. □ Гарасім думаў, што Андрэй не такі ўжо закаранелы грэшнік, якім ён лічыў яго дагэтуль, толькі грубы, рэзкі. Чарнышэвіч.
закаране́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Трывала замацавацца, застарэць; укараніцца. Хвароба закаранела. // Зрабіцца ўпартым, непапраўным, поўнасцю аддаўшыся якім‑н. звычкам, пачуццям. Закаранець у дрэнных прывычках.
зака́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да закарэць.
закаркава́цца, ‑куецца; зак.
Заткнуцца, закупорыцца. Бутэлька добра закаркавалася.
закаркава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., што.
Заткнуць коркам (бутэльку, бутлю і пад.). Тарас хацеў закаркаваць бутэльку, але яна неяк выслізнула ў яго з рук і бразнулася аб зямлю. Гурскі.