Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

канстытуты́ўны, ‑ая, ‑ае.

Кніжн. Які складае аснову чаго‑н.; вызначальны. Канстытутыўныя палажэнні. Канстытутыўныя ўласцівасці.

[Лац. constitutus — вызначаны.]

канстытуцы́йны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да канстытуцыі (у 1 знач.). Канстытуцыйныя законы. Канстытуцыйная камісія. // Заснаваны на канстытуцыі. Канстытуцыйны лад. Канстытуцыйная форма праўлення. Канстытуцыйная манархія.

канстыту́цыя, ‑і, ж.

1. Асноўны закон дзяржавы, які мае вышэйшую юрыдычную сілу і вызначае грамадою дзяржаўны лад, выбарчую сістэму, прынцыпы арганізацыі і дзейнасці дзяржаўных органаў і асноўныя правы і абавязкі грамадзян. Канстытуцыя СССР. Манархічная канстытуцыя.

2. Будова арганізма, склад цела. Канстытуцыя чалавека. Канстытуцыя жывёлы.

[Ад лац. constitutio — будова; ўстанаўленне.]

канстытуцыяналі́зм, ‑у, м.

Буржуазная плынь у палітыцы і навуцы дзяржаўнага права, якое прызнае найлепшай сістэмай кіравання канстытуцыйную манархію.

канстытуцыяналі́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Прыхільнік канстытуцыяналізму.

канстэ́бль, ‑я, м.

Ніжэйшы паліцэйскі чын у Вялікабрытаніі і ЗША, а таксама камендант крэпасці або палаца ў Англіі.

[Англ. constable.]

кансультава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. кансультаваць.

кансультава́цца, ‑туюся, ‑туешся, ‑туецца; незак., з кім-чым.

Раіцца са спецыялістам па якому‑н. пытанню. — Думкі райкома партыі я не ведаю, не кансультаваўся ні з кім. Сабаленка.

кансультава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., каго і без дап.

Даваць кансультацыю (у 1 знач.). [К. Чорны] кансультаваў пачынаючых літаратараў, вёў з імі ажыўленую перапіску. Кудраўцаў. [Уладзіміра Юсцінавіча] вазіць да хворых хуткая дапамога, на санітарныя самалёце ён вылятае ў раённыя бальніцы кансультаваць урачоў. Карпюк.

кансульта́нт, ‑а, М ‑нце, м.

Асоба, якая дае кансультацыі па пытаннях сваёй спецыяльнасці.

[Ад лац. consultans, consultantis — дарадчык.]