караняпло́ды, ‑аў; адз. караняплод, ‑а, М ‑дзе, м.
1. Культурныя расліны (буракі, морква, бручка і пад.) з мясістым коранем, які скарыстоўваецца ў ежу, на корм жывёле і для тэхнічных мэт. Кармавыя караняплоды.
2. Патоўшчаныя карані гэтых раслін. Буйныя караняплоды. Скормліваць караняплоды.
каранярэ́зка, ‑і, ДМ ‑зцы; Р мн. ‑зак; ж.
Машына для рэзкі караняплодаў пры апрацоўцы іх на корм жывёле або для іншых мэт.
каранясло́ў, ‑лова, м.
Уст. Слоўнік карэнных слоў і вытворных ад іх; этымалагічны слоўнік.
карапу́з, ‑а, м.
Разм. жарт. Пра маленькага хлопчыка. Аж здзіўляюцца суседзі: — Малайчына!.. Ай, ды Федзя!.. — Вось табе і карапуз. — Гэткі вырасціў гарбуз! Шуцько. / Пра тоўстага нізкарослага чалавека.
карапу́зік, ‑а, м.
Разм. жарт. Тое, што і карапуз. Адзін карапузік, з сінім ад чарніц ротам, відаць, за камандзіра ў іх быў. Кулакоўскі.
карасёвы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да карася. Карасёвая ікра. // Прыгатаваны з карася. Карасёвая юшка.
карасі́на, ‑ы, ж.
Разм. Тое, што і газа. Сядзелі [бацькі і дзяды] у балоце, у твані, не было запалак, карасіны — абыходзіліся без іх. Мележ.
кара́скацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Разм. Тое, што і карабкацца. Нехта таропка караскаўся на бярозу, каб спрытней сачыць за самалётамі. Лынькоў. // З цяжкасцю прабірацца праз што‑н., выбірацца адкуль‑н. [Хлопцы] праціскаліся, караскаліся, скакалі з купіны на купіну, загразалі, выцягвалі адзін аднаго, пакуль... зноў не ўбачылі возера. Маўр. Трактары караскаліся ўгору і буксавалі... Няхай.
кара́сь, ‑я, м.
Прэснаводная рыба сямейства карпавых, якая водзіцца ў вадаёмах з ілістым дном. Плешчуцца серабрыстыя хвалі штучнага возера, у якім хутка занерастуе залацісты карп і непаваротлівы карась. Хведаровіч.
кара́т, ‑а, М ‑раце, м.
Мера масы каштоўных камянёў, роўная 0,2 грама. Рубін у дзесяць каратаў.
[Араб. kirāt.]