Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

кандзібо́берам, прысл.

У выразе: хадзіць кандзібоберам гл. хадзіць.

кандуі́т, ‑а, М ‑дуіце, м.

У дарэвалюцыйнай школе — журнал, у які заносіліся звесткі аб паводзінах вучняў.

[Ад фр. conduite — паводзіны.]

канду́ктар, ‑а, м.

1. Работнік чыгуначнага транспарту, які суправаджае цягнік і наглядае за парадкам у ім. // Работнік гарадскога транспарту, які прадае білеты ў тралейбусах, аўтобусах, трамваях і наглядае за парадкам у іх. Кандуктар трамвая. Аўтобус без кандуктара.

2. Прыстасаванне да свідравальных станкоў, якое забяспечвае ўзаемна правільнае размяшчэнне інструмента і вырабу, які апрацоўваецца.

[Ад лац. conductor — праваднік.]

канду́ктарка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Разм. Жан. да кандуктар (у 1 знач.).

канду́ктарскі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да кандуктара (у 1 знач.). Кандуктарская сумка. Кандуктарская форма. □ Нямецкая варта пазашывалася ў тамбурныя кандуктарскія будкі, якія зрэдку трапляліся на цыстэрнах. Лынькоў. // Які складаецца з кандуктараў. Кандуктарская брыгада.

2. у знач. наз. канду́ктарская, ‑ай, ж. Службовае памяшканне для кандуктараў (у 1 знач.). — Зноў тут стынеш? Заходзь у кандуктарскую. Карамазаў.

канды́ба, ‑ы, ж.

1. Разм. Пра кульгавага чалавека.

2. толькі мн. (канды́бы, ‑дыбаў). Абл. Хадулі. Спачатку хлопец не мог і кроку ступіць на мыліцы, а потым успомніў, як хадзіў некалі на кандыбах, і зашпацыраваў на трох нагах лепш, як на дзвюх. Кулакоўскі.

кандыба́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Ісці кульгаючы або павольна, з цяжкасцю перастаўляючы ногі. Панурыя, засмучаныя, устрывожаныя і абураныя такою несправядлівасцю, кандыбаюць сяляне пад казацкім канвоем. Колас. Часта кандыбае стары Міхайла ў вобласць. Бядуля.

кандыда́т, ‑а, М ‑даце, м.

1. Той, хто намечан для выбрання, назначэння або для прыёму куды‑н. Кандыдат у дэпутаты Вярхоўнага Савета СССР. Залічыць у інстытут кандыдатам.

2. чаго. Малодшая вучоная ступень у дарэвалюцыйнай Расіі, якая прысвойвалася пасля заканчэння з адзнакай вышэйшай навучальнай установы. Кандыдат славеснасці.

•••

Кандыдат навук якіх — малодшая вучоная ступень у СССР, якая прысуджаецца на падставе абароны дысертацыі; асоба, якой прысуджана гэта ступень. Кандыдат філалагічных навук. Ступень кандыдата тэхнічных навук.

Кандыдат у члены КПСС (партыі) — асоба, якая праходзіць устаноўлены статутам выпрабавальны тэрмін перад прыёмам у члены КПСС.

[Ад лац. candidatus — адзеты ў белае.]

кандыда́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Разм. Жан. да кандыдат (у 1 знач.).

кандыдату́ра, ‑ы, ж.

1. чыя. Магчымасць ці права каго‑н. выступаць у ролі кандыдата (у 1 знач.). Васіль Бусыга быў кандыдат у валасныя старшыні, але рэвалюцыя і ўсе далейшыя падзеі адвялі яго кандыдатуру. Колас. // Чыя‑н. асоба ў ролі кандыдата. Шаманскі назваў кандыдатуру Паўла Дэшкі. Дуброўскі. Каржакевічаву кандыдатуру .. выставілі на перавыбарах. Крапіва.

2. Тое, што і кандыдат (у 1 знач.). — Была ў нас затрымка з начальнікам штаба, не было добрай кандыдатуры. Лынькоў. Парторг паведаміў, колькі камуністаў прысутнічае, прапанаваў вылучыць кандыдатуры для рабочага прэзідыума. Шыцік.