кале́гіум, ‑а, м.
Уст. Тое, што і калегія (у 2, 3 і 4 знач.).
кале́гія, ‑і, ж.
1. Група асоб, якая ўтварае адміністрацыйны, дарадчы або распарадчы орган. Калегія Міністэрства народнай асветы. Судзейская калегія. Рэдакцыйная калегія.
2. Аб’яднанне асоб адной прафесіі. Калегія адвакатаў. Калегія прапагандыстаў. Калегія прафесараў.
3. Цэнтральная ўрадавая ўстанова ў Расіі ў 18 ст. Калегія замежных спраў. Ваенная калегія.
4. Уст. Назва некаторых навучальных устаноў. У 1570 годзе езуіты ў Вільні адкрываюць калегію, якая праз дзевяць год ператвараецца ў акадэмію з падрыхтоўчай школай. Шакун.
[Лац. collegium.]
калегія́льнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць калегіяльнага (у 2 знач.). Калегіяльнасць абмеркавання. // Кіраўніцтва, якое ажыццяўляецца сумесна, групай асоб. Прынцып калегіяльнасці. □ Але Булай усё перайначыў, загадаўшы, каб брыгадзіры з’яўляліся на нарады таксама, бо гэта нібы дэмакратызуе кіраўніцтва, вядзе да калегіяльнасці ў рабоце. Шыцік.
калегія́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да калегіі (у 1, 2 знач.). Калегіяльны орган.
2. Які ажыццяўляецца сумесна, групай асоб, калегіяй (у 1 знач.). Калегіяльнае кіраўніцтва. Калегіяльнае рашэнне.
кале́дж, ‑а, м.
Вышэйшая або сярэдняй навучальная ўстанова ў Англіі, ЗША і інш.
[Англ. college.]
кале́ж, ‑а, м.
Сярэдняя навучальная ўстанова ў Францыі, Бельгіі, Швейцарыі і інш.
[Фр. collège.]
кале́жскі, ‑ая, ‑ае.
Уст. Які мае адносіны да калегіі (у 3 знач.). // Як састаўная частка назваў чыноў у цывільных установах дарэвалюцыйнай Расіі. Калежскі рэгістратар. Калежскі асэсар. Калежскі саветнік.
калейдаскапі́чнасць, ‑і, ж.
Стракатасць, бесперастанная змена разнастайных падзей, з’яў. І гаворыцца пра ўсё гэта [тэмп жыцця] так, нібы адкрываецца нешта зусім новае і незвычайнае. Быццам папярэднія пакаленні літаратараў не заўважалі хуткасці і калейдаскапічнасці жыцця, якое іх акружала. «Полымя».
калейдаскапі́чны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да калейдаскопа. Калейдаскапічны ўзор. // перан. Які мяняецца хутка, як у калейдаскопе. Калейдаскапічная змена падзей.
калейдаско́п, ‑а, м.
Аптычны прыбор-цацка, у якім пры паварочванні ў розныя бакі ўзнікаюць усё новыя каляровыя ўзоры. // перан. Бесперастанная змена з’яў, падзей і пад. Калі [Андрэй] прыплюшчваў вочы, розныя твары ўзнікалі перад вачамі. І ў гэтым калейдаскопе панавала адно — непераможны настрой гумару, бадзёрасці, смеху. Пестрак.