Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

заме́нны, ‑ая, ‑ае.

Які падлягае замене, можа быць лёгка заменен. Заменная дэталь. □ Лес — гэта.. нічым не заменная сыравіна для нашай айчыннай хіміі. Сачанка.

заме́ньвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да замяніцца.

2. Зал. да заменьваць.

заме́ньваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да замяніць.

заме́р 1, ‑у, м.

Спец. Дзеянне паводле знач. дзеясл. замерваць — замераць.

заме́р 2, ‑у, м.

Разм. Намер, задума. Карызна прыехаў з пэўным рашучым замерам: ён наважыўся, нарэшце, пагаварыць начыста з Рачкоўскім. Зарэцкі.

заме́раць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Спец. Зрабіць вымярэнне чаго‑н. Замераць участак. Замераць выпрацоўку.

заме́рвацца 1, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да замерыцца.

заме́рвацца 2, ‑аецца; незак.

Зал. да замерваць.

заме́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да замераць.

заме́рзлы,

гл. замёрзлы.

заме́рзнуць і замёрзнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. заме́рз, ‑ме́рзла і замёрз, ‑мёрзла; зак.

1. Ператварыцца ў лёд, зацвярдзець ад холаду. Вада ў вёдрах замерзла. □ Усё замерзла пад пялёнкаю Снегу белага, халоднага. Купала. Цяпер, зімою, багна замерзла, і вецер збірае ля кустоў гурбы снегу. Дадзіёмаў. // Пакрыцца лёдам, ледзяной коркай. Рэчка замерзла. Вокны замерзлі. □ Замерзла ноччу шпаркая, крыніца. Багдановіч. // Сапсавацца, выйсці са строю ад холаду. На вадакачцы замерзлі трубы. Матор замёрз.

2. Загінуць, памерці ад холаду. Замерзнуць у полі. □ Галубяняты яшчэ не замерзлі, варушыліся. Брыль. // Моцна азябнуць; прамерзнуць. Шафёр вылез, абышоў машыну, паглядаючы на колы, і загаварыў да Сцяпана: — Замерзлі, дзядзька Лазарук? Кавалёў.

заме́рці, ‑мру, ‑мрэш, ‑мрэ; ‑мром, ‑мраце; пр. замёр, ‑мерла і ‑мёрла; зак.

1. Стаць нерухомым, перастаць рухацца. Камандзіры замерлі па камандзе «смірна», прыклалі рукі да пілотак. Якімовіч. Маятнік, хістануўшыся раз-другі, бліснуў і замёр зноў. Карпаў. // Сцішыцца, стаіцца. Мікола з Таняй схаваліся ў яме і замерлі. Новікаў. // Страціць на момант здольнасць рухацца, акамянець пад уплывам якога‑н. моцнага пачуцця. Замерці ад жаху. Замерці ад захаплення. □ Памятаю я, што ад гэтага жудаснага крыку я адразу ж замёр і ўсё маё цела раптам пахаладзела. Нікановіч. // Сціснуцца на момант, быццам спыніцца (пра сэрца), перарвацца (пра дыханне). Ад нечаканасці замерла сэрца, перахапіла дух. Гамолка.

2. перан. Спыніцца, перастаць дзейнічаць; заглухнуць. К восені 1915 г. прамысловае жыццё ў Мінску і іншых гарадах амаль поўнасцю замерла. «Весці». // Заціхнуць, замоўкнуць (пра гукі). Стук капытоў замёр у далечыні. □ Зноў замерлі ў небе маторы, быццам самалёт увайшоў у піке. Асіпенка.

3. (звычайна ў спалучэнні са словамі: «на вуснах», «на губах», «на языку» і пад.). Застацца нявыказаным (пра словы, гукі). Чаму замерлі словы на губах, Як заміраюць кроплі на лістах? Лось.