заме́рці, ‑мру, ‑мрэш, ‑мрэ; ‑мром, ‑мраце; пр. замёр, ‑мерла і ‑мёрла; зак.

1. Стаць нерухомым, перастаць рухацца. Камандзіры замерлі па камандзе «смірна», прыклалі рукі да пілотак. Якімовіч. Маятнік, хістануўшыся раз-другі, бліснуў і замёр зноў. Карпаў. // Сцішыцца, стаіцца. Мікола з Таняй схаваліся ў яме і замерлі. Новікаў. // Страціць на момант здольнасць рухацца, акамянець пад уплывам якога‑н. моцнага пачуцця. Замерці ад жаху. Замерці ад захаплення. □ Памятаю я, што ад гэтага жудаснага крыку я адразу ж замёр і ўсё маё цела раптам пахаладзела. Нікановіч. // Сціснуцца на момант, быццам спыніцца (пра сэрца), перарвацца (пра дыханне). Ад нечаканасці замерла сэрца, перахапіла дух. Гамолка.

2. перан. Спыніцца, перастаць дзейнічаць; заглухнуць. К восені 1915 г. прамысловае жыццё ў Мінску і іншых гарадах амаль поўнасцю замерла. «Весці». // Заціхнуць, замоўкнуць (пра гукі). Стук капытоў замёр у далечыні. □ Зноў замерлі ў небе маторы, быццам самалёт увайшоў у піке. Асіпенка.

3. (звычайна ў спалучэнні са словамі: «на вуснах», «на губах», «на языку» і пад.). Застацца нявыказаным (пра словы, гукі). Чаму замерлі словы на губах, Як заміраюць кроплі на лістах? Лось.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)