Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

забіра́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да забрацца.

2. Зал. да забіраць (гл. забраць у 1, 2 і 5 знач.).

забіра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да забраць.

забі́тасць, ‑і, ж.

Стан запалоханасці, прыніжанасці, атупення. Ды і як жа не быць .. [жанчыне] цёмнай, забітай, калі сотні год стваралі гэту цемру і забітасць усе: царскі ўрад, школа, царква. Галавач.

забі́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад забіць ​1.

2. у знач. наз. забі́ты, ‑ага, м. Той, каго забілі. У хвіліны зацішша байцы хавалі забітых, санітаркі перавязвалі раненых. Мележ. Крушынскі толькі адным вокам зірнуў на забітага. Бядуля.

3. у знач. прым. Прыніжаны, запалоханы, даведзены да атупення. Гэта была кабета ціхая, забітая, бо пан Баранкевіч, як даведаўся Лабановіч потым, у сям’і быў чалавек жорсткі. Колас. У цёмным, забітым, прыгнечаным мужыку малады юнак убачыў чалавека. Івашын.

забі́цца 1, ‑б’юся, ‑б’ешся, ‑б’ецца; ‑б’ёмся, ‑б’яцеся; зак.

1. Ударыўшыся, разбіцца насмерць. Зваліўся з дрэва і забіўся.

2. Разм. Забрацца, схавацца куды‑н. [Унук] забіўся ў куток на печ і ціха плакаў там, каб не чулі. М. Стральцоў. Цяпер толькі б затаіцца, забіцца ў самы цёмны закутак, каб не знайшлі. Быкаў. // Заехаць, зайсці куды‑н. далёка. [Доктар] палічыў за лепшае забіцца ў гэты сапраўды глухі, далёкі ад чыгункі і добрых дарог гарадок. Васілевіч. Страх ахапіў .. [Патапчыка], і ён зноў кінуўся бегчы ў глыб лесу. Забіўся ў такі гушчарнік, што нельга было ісці. Чарнышэвіч.

3. Пранікнуць, папасці куды‑н. (пра ваду, пыл, снег і пад.). Асцё забілася за каўнер.

4. Засмеціцца, закупорыцца. Труба забілася пяском.

5. Паддацца забіванню, аказацца забітым, увагнаным у што‑н. Паля лёгка забілася.

забі́цца 2, ‑б’юся, ‑б’ешся, ‑б’ецца; б’ёмся, ‑б’яцеся; зак.

Пачаць біцца (у 1, 3 і 5 знач.).

забі́ць 1, ‑б’ю, ‑б’еш, ‑б’е; ‑б’ём, ‑б’яце; заг. забі; зак., каго-што.

1. Пазбавіць жыцця, знішчыць. Князь забіў на ловах пару вялікіх прыгожых ласёў. Гарэцкі. Партызаны забілі здрадніка, укінуўшы ноччу ў яго дом гранату. Краўчанка. / у безас. ужыв. Бомбай многіх забіла. // Прыбіць, змучыць пабоямі. Забіць да паўсмерці. // Зарэзаць, закалоць. Забіць свінню на сала.

2. Б’ючы, стукаючы па якім‑н. прадмеце, прымусіць яго ўвайсці ў што‑н.; увагнаць. Забіць цвік у сцяну. Забіць калок у зямлю. □ [Вася] падняўся і забіў лязо сякеры ў разрэз. Шамякін. // Ударамі, рэзкімі штуршкамі загнаць што‑н. куды‑н. Забіць мяч у вароты праціўніка. Забіць шар у лузу.

3. Закрыць наглуха, прымацаваўшы, прыбіўшы дошкі і пад. Забіць аполкамі дзверы і вокны хаты.

4. Закрыць, заткнуць (адтуліну, шчыліну), туга засунуўшы ў яе што‑н. Надзеў [Талаш] праз плячо паляўнічую раменную торбу на шырокім пасе, дастаў ладункі з порахам, засыпаў у стрэльбу добрую порцыю пораху, туга забіў яго клакам. Колас. // Забрудзіць, закупорыць. Пясок забіў трубу.

5. Разм. Запоўніць, заняць сабой (пра мноства каго‑, чаго‑н.). Бясконцыя раннія завірухі так забілі снегам дарогі, што дабрацца куды цяпер можна было толькі хіба на кані ці на трактары. Шашкоў.

6. Перамагчы, заглушыць. Уяўлялася, што самы густы і напорны вецер не заб’е .. [ у гэтым кутку] паху грыбоў. Чорны. // перан. Запалохаць, пазбавіць здольнасці супраціўляцца. Забіць чалавека маральна.

7. Зак. да забіваць (у 3 знач.).

•••

Забіць асінавы кол — канчаткова пазбавіцца ад каго‑, чаго‑н., скончыць з кім‑, чым‑н. (ад забабоннага звычаю забіваць кол у магілу ведзьмара, каб абясшкодзіць яго).

Забіць галаву каму чым — абцяжарыць памяць чым‑н. непатрэбным, пустым.

Забіць двух зайцоў — выканаць адначасова дзве розныя справы, дасягнуць дзвюх розных мэт.

Забіць (загнаць) клін — раз’яднаць, выклікаць варожасць аднаго да другога.

І камара не заб’е — пра ціхага баязлівага чалавека.

Хоць забі — пра немагчымасць што‑н. зрабіць.

(Яго) і калом не заб’еш — пра чалавека з моцным здароўем, вялікай фізічнай сілай.

забі́ць 2, ‑б’ю, ‑б’еш, ‑б’е; ‑б’ём, ‑б’яце; зак.

Пачаць біць (у 1, 7 і 8 знач.).

забія́ка, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑біяцы, Т ‑біякай, ж.

Разм. Той, хто любіць распачынаць бойкі; буян, задзіра. Пеця — хлопчык неблагі. Не скнара, не забіяка. Хомчанка. Адны [хлапчукі] падбухторвалі забіякаў, другія смяяліся, але вось нехта крыкнуў: — Разбараніце іх! Ваданосаў.

забія́цкі, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Уласцівы забіяку (забіяцы), такі, як у забіякі; задзірысты. Забіяцкі выгляд.

2. Які з’яўляецца забіякам (забіякай). Было такое разводдзе, што забіяцкія хлапчукі плавалі па вуліцы на плытах і на камерах ад грузавікоў. Кулакоўскі.

забла́жыць, ‑жыць; безас. зак., каму.

Разм. Зрабіцца дрэнна, блага. Яму заблажыла ад яды.

заблакірава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., каго-што.

Акружыць з усіх бакоў войскамі; асадзіць. Заблакіраваць варожы гарнізон.