забі́цца 1, ‑б’юся, ‑б’ешся, ‑б’ецца; ‑б’ёмся, ‑б’яцеся; зак.
1. Ударыўшыся, разбіцца насмерць. Зваліўся з дрэва і забіўся.
2. Разм. Забрацца, схавацца куды‑н. [Унук] забіўся ў куток на печ і ціха плакаў там, каб не чулі. М. Стральцоў. Цяпер толькі б затаіцца, забіцца ў самы цёмны закутак, каб не знайшлі. Быкаў. // Заехаць, зайсці куды‑н. далёка. [Доктар] палічыў за лепшае забіцца ў гэты сапраўды глухі, далёкі ад чыгункі і добрых дарог гарадок. Васілевіч. Страх ахапіў .. [Патапчыка], і ён зноў кінуўся бегчы ў глыб лесу. Забіўся ў такі гушчарнік, што нельга было ісці. Чарнышэвіч.
3. Пранікнуць, папасці куды‑н. (пра ваду, пыл, снег і пад.). Асцё забілася за каўнер.
4. Засмеціцца, закупорыцца. Труба забілася пяском.
5. Паддацца забіванню, аказацца забітым, увагнаным у што‑н. Паля лёгка забілася.
забі́цца 2, ‑б’юся, ‑б’ешся, ‑б’ецца; б’ёмся, ‑б’яцеся; зак.
Пачаць біцца (у 1, 3 і 5 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)