Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

каранёк, ‑нька, м.

Памянш.-ласк. да корань (у 1 знач.).

карані́сты, ‑ая, ‑ае.

1. З вялікай колькасцю добра развітых каранёў (пра расліны, дрэвы). Караністая расада.

2. Пакрыты, пераплецены каранямі дрэў (пра дарогу і пад.). Я націскаў, як толькі мог, на педалі, .. але ўсё роўна ўцячы ад дажджу не ўдалося, — дарога скрозь вузкая, караністая. Сачанка.

карані́цца, ‑ніцца; незак.

1. Пускаць карані, урастаць каранямі. Дрэва галініцца і караніцца.

2. Мець сваёй асновай, прычынай што‑н.; адбывацца, здарацца ад чаго‑н. Іменна такія бязвольныя чалавечкі, баязліўцы, абывацелі — тая пажыўная глеба, у якой караняцца воўчыя грыбы накшталт Дзерваеда. «ЛіМ». Ці гэта быў вынік звычайнага крызісу, нярэдка характэрнага маладосці пад час выбару шляху, ці прычыны караніліся ў нечым іншым, цяжка сказаць. Ліс.

3. Моцна трымацца, знаходзіцца ў кім‑, чым‑н. Моцна каранілася ў свядомасці людзей думка аб немагчымасці барацьбы з балотамі. «Беларусь».

кара́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. караць.

каранні́к, ‑а, м.

Сярэдні конь у тройцы, які запрагаецца ў аглоблі.

каранты́ш, ‑а, м.

Разм. Пра чалавека малога росту. — Ат, не прыставай. Я доўга не буду, толькі пабачу аднаго чалавека і прыйду, — супакоіў яе Лявон, прысадзісты, шырокі ў плячах карантыш. Дамашэвіч. — Не, браток, ты заставайся, — Адказаў малому Вася, — Ад цябе ўцякла і мыш. Да спаткання, карантыш!.. Муравейка.

каранці́н, ‑у, м.

1. Часовая ізаляцыя заразна хворых і асоб, якія сутыкаліся з імі, з мэтай прадухіліць распаўсюджанне інфекцыі. Тэрмін каранціну. Накласці каранцін. // Сістэма мерапрыемстваў, накіраваных на ліквідацыю інфекцыі (сярод насельніцтва, у сельскай гаспадарцы і пад.). Інспекцыя па каранціну.

2. Санітарны пункт для агляду асоб, суднаў і тавараў, якія прыбываюць з заражанай мясцовасці. — Я ўжо хадзіў, распытваў. Тут, у каранціне, нас могуць пратрымаць яшчэ доўгі час. Лынькоў.

[Фр. quarantaine.]

каранці́нны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да каранціну, звязаны з ім. Каранцінны тэрмін. Каранцінныя мерапрыемствы.

караняно́жкі, ‑жак; адз. караняножка, ‑і, ДМ ‑жцы, ж.

Падклас прасцейшых жывёл (амёб і інш.), якія маюць уласцівасць утвараць часовыя вырасты для перасоўвання і захоплівання ежы.

караняпло́дны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да караняплода, караняплодаў. Караняплодная расліна.