Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

кангламера́т, ‑у, М ‑раце, м.

1. Кніжн. Механічнае, выпадковае спалучэнне чаго‑н. разнароднага. Кангламерат народаў.

2. Асадкавая горная парода, якая складаецца з разнародных сцэментаваных часцінак.

[Ад лац. conglomeratus — сабраны.]

кангламера́тны, ‑ая, ‑ае.

Які складаецца з кангламерату (у 2 знач.). Кангламератны пласт горкай пароды.

кангруэ́нтны, ‑ая, ‑ае.

Які супадае пры накладанні (пра геаметрычныя фігуры). Кангруэнтныя адрэзкі.

[Ад лац. congruens, congruentis — адпаведны.]

кангруэ́нцыя, ‑і, ж.

Супадзенне геаметрычных фігур пры накладанні адной на другую.

[Ад лац. congruentia — адпаведнасці]

кангрэга́цыя, ‑і, ж.

1. Аб’яднанне царкоўных, у прыватнасці манаскіх, абшчын аднаго ордэна ў рымска-каталіцкай царкве. Кангрэгацыя езуітаў.

2. Адміністрацыйны орган пры рымскім папе, які ведае пэўным колам пытанняў.

[Лац. congregatio.]

кангрэ́с, ‑у, м.

1. З’езд, нарада, звычайна ў міжнародным маштабе. Сусветны кангрэс прыхільнікаў міру. Першы кангрэс Камуністычнага Інтэрнацыянала.

2. Заканадаўчы орган (парламент) у ЗША і некаторых краінах Лацінскай Амерыкі.

[Ад лац. congressus — сустрэча, сход.]

кангрэсі́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Удзельнік кангрэсу (у 1 знач.).

кангрэсме́н, ‑а, м.

Член кангрэсу (у 2 знач.). Сытай і задаволенай бачылі мы афіцыйную Амерыку, прадстаўнікоў чыноўнага свету, .. сенатараў, кангрэсменаў. Лынькоў.

[Англ. congressman.]

кандамі́ніум, ‑у, м.

Дзяржаўнае кіраванне якой‑н. тэрыторыяй сумесна дзвюма або некалькімі краінамі.

[Лац. condominium ад con — з, разам і donimium — валоданне.]

кандацье́р, ‑а, м.

Кіраўнік наёмнай дружыны ў Сярэдневяковай Італіі. // Кніжн. Пра чалавека, які дзеля выгады гатоў абараняць любую справу.

[Іт. condottiere ]