затрыво́жыцца, ‑жуся, ‑жышся, ‑жыцца; зак.
Пачаць трывожыцца.
затрыво́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак.
Пачаць трывожыць.
затры́зніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак.
Пачаць трызніць.
затрыма́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. затрымаць.
затрыма́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад затрымаць.
2. у знач. наз. затрыма́ны, ‑ага, м.; затрыма́ная, ‑ай, ж. Той (тая), каго ўзялі пад варту або арыштавалі. — Ніхто не адмаўляе вашага права страляць у затрыманага, калі ён спрабуе ўцякаць. Лынькоў. Усе пешыя паліцыянты абкружылі кардонам затрыманых і павялі ў дырэкцыю. Пестрак.
затрыма́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. Застацца, прабыць дзе‑н. даўжэй, чым меркавалася. Паехалі ўсе, і толькі Іван затрымаўся ў Зарэччы, затрымаўся праз хваробу. Шахавец. — Я затрымаўся ў сталоўцы, каб паслухаць, пра што размаўляюць людзі. Шамякін.
2. Спыніўшы свой рух, застацца дзе‑н. на пэўны час. Шклянка пакацілася, затрымалася на самым краі. Шахавец. [Нэля] затрымалася на хвіліну перад люстрам у гардэробнай. Лупсякоў. // Спыніцца на чым‑н. (пра погляд, позірк і пад.). Позірк Паходні затрымаўся на рабаватым твары маладога трактарыста. Хадкевіч. // перан. Спыніцца, запаволіцца (пра ход, рост, развіццё чаго‑н.). Будаўніцтва дома затрымалася. З-за непагоды ўборка затрымалася.
3. Не зрабіць чаго‑н. у тэрмін; запазніцца з чым‑н. — Прабачце, што так затрымаўся з пісьмом. Карпаў. // Спазніцца, не прыйсці ў час. — Прабач, што затрымаўся, — вінавата сказаў ён Лене, зайшоўшы за шырму. Кулакоўскі.
затрыма́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Перашкодзіць руху каго‑, чаго‑н., прымусіць застацца дзе‑н. Затрымаць машыну. Затрымаць снег на палях. □ Лабановіч накіраваўся да дзвярэй, каб падацца на вуліцу, але Саханюк затрымаў яго. Колас. Іван Рыгоравіч затрымаў клас пасля ўрокаў. Якімовіч. // Спыніць, сканцэнтраваць на кім‑, чым‑н. (погляд, позірк). Алена бездапаможна аглянулася вакол і затрымала позірк на Таццяне. Шамякін. // перан. Адтэрмінаваць што‑н., перашкодзіць чаму‑н. Дажджы затрымалі сяўбу. Затрымаць пуск электрастанцыі. // перан. Спыніць ход, рост, развіццё чаго‑н., перашкодзіць чаму‑н. Халады затрымалі рост раслін. // Запаволіць або спыніць на пэўны час. Затрымаць дыханне.
2. Не аддаць, не выдаць у тэрмін. Затрымаць зарплату.
3. Узяць пад варту; арыштаваць. Затрымаць злачынца. Затрымаць парушальніка граніцы.
затры́мка, ‑і, ДМ ‑мцы, ж.
1. Дзеянне паводле дзеясл. затрымліваць — затрымаць (у 1, 2 знач.).
2. Р мн. ‑мак. Зацяжка, замінка ў чым‑н., часовае спыненне чаго‑н. Цягнік ішоў з затрымкамі. То ішоў на ўсю хуткасць, то падоўгу стаяў на адным месцы. Няхай. Паведамленне было дастаўлена з затрымкай. Хадкевіч.
затры́мліванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. затрымліваць — затрымаць.
затры́млівацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да затрымацца.
2. Зал. да затрымліваць.