затрыма́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Застацца, прабыць дзе‑н. даўжэй, чым меркавалася. Паехалі ўсе, і толькі Іван затрымаўся ў Зарэччы, затрымаўся праз хваробу. Шахавец. — Я затрымаўся ў сталоўцы, каб паслухаць, пра што размаўляюць людзі. Шамякін.

2. Спыніўшы свой рух, застацца дзе‑н. на пэўны час. Шклянка пакацілася, затрымалася на самым краі. Шахавец. [Нэля] затрымалася на хвіліну перад люстрам у гардэробнай. Лупсякоў. // Спыніцца на чым‑н. (пра погляд, позірк і пад.). Позірк Паходні затрымаўся на рабаватым твары маладога трактарыста. Хадкевіч. // перан. Спыніцца, запаволіцца (пра ход, рост, развіццё чаго‑н.). Будаўніцтва дома затрымалася. З-за непагоды ўборка затрымалася.

3. Не зрабіць чаго‑н. у тэрмін; запазніцца з чым‑н. — Прабачце, што так затрымаўся з пісьмом. Карпаў. // Спазніцца, не прыйсці ў час. — Прабач, што затрымаўся, — вінавата сказаў ён Лене, зайшоўшы за шырму. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)