заскару́знуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Стаць шорсткім, шурпатым; агрубець. Рукі заскарузлі. // перан. Адстаць, закаснець. Калі чалавек заскарузне ў сваіх звычках і ў яго ўсталююцца пэўныя адносіны да работы, да жыцця, да людзей і, нарэшце, да самога сябе, дык ужо вельмі цяжка яго перайначваць. Дуброўскі.
засква́раны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад заскварыць.
2. у знач. прым. Запраўлены сквараным салам. [Маці] падышла да печы, дастала гаршчок, наліла ў міску заскваранай капусты і паставіла яе на стол. Федасеенка.
засква́рванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. заскварваць — заскварыць.
засква́рвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да заскварваць.
засква́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да заскварыць.
засква́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., што.
Заправіць сквараным салам. Заскварыць булён.
засквірчэ́ць, ‑чыць; зак.
Пачаць сквірчэць.
заско́к, ‑у, м.
1. Разм. і спец. Выхад часткі, дэталі якога‑н. механізма з правільнага становішча; перакос, зачэпка. Заскок роліка: Заскок спружыны.
2. перан. Разм. Адхіленне ад нормы ў паводзінах, думках і пад. — Поўная вам дэмакратыя і незалежнасць... Толькі не рабіце заскокаў, не перагінайце. Шамякін.
заско́кваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да заскочыць (у 2 знач.).
заско́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.
1. Скокнуўшы, апынуцца дзе‑н. Мяч заскочыў за шафу. // Імкліва забегчы, заехаць, уварвецца куды‑н. [Машына] крута развярнулася на вуліцы, заскочыла на тратуар. Асіпенка. Запаліўшы маленькую люльку, стары Дзямід расказаў мне гісторыю аб тым, як на двор яго бацькі.. заскочыў неяк з Пушчы дзік. В. Вольскі. // Разм. і спец. Выйшаўшы са свайго месца, заняць няправільнае становішча, перакасіцца (пра дэталі, часткі якога‑н. механізма). Спружына заскочыла.
2. Разм. Зайсці, забегчы куды‑н. мімаходам, ненадоўга. Заскочыла ў хату Аленка, Тараса Шаўчэнку ўзяла, хустачку на плечы пакінула. Колас.
3. Выскачыць наперад, зрабіць што‑н. раней за іншых. — Няхай судзіцца, няхай судзіцца.., — заскочыў сыну наперад Даніла. Крапіва.