заско́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.
1. Скокнуўшы, апынуцца дзе‑н. Мяч заскочыў за шафу. // Імкліва забегчы, заехаць, уварвецца куды‑н. [Машына] крута развярнулася на вуліцы, заскочыла на тратуар. Асіпенка. Запаліўшы маленькую люльку, стары Дзямід расказаў мне гісторыю аб тым, як на двор яго бацькі.. заскочыў неяк з Пушчы дзік. В. Вольскі. // Разм. і спец. Выйшаўшы са свайго месца, заняць няправільнае становішча, перакасіцца (пра дэталі, часткі якога‑н. механізма). Спружына заскочыла.
2. Разм. Зайсці, забегчы куды‑н. мімаходам, ненадоўга. Заскочыла ў хату Аленка, Тараса Шаўчэнку ўзяла, хустачку на плечы пакінула. Колас.
3. Выскачыць наперад, зрабіць што‑н. раней за іншых. — Няхай судзіцца, няхай судзіцца.., — заскочыў сыну наперад Даніла. Крапіва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)