Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

кангрэсі́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Удзельнік кангрэсу (у 1 знач.).

кангрэсме́н, ‑а, м.

Член кангрэсу (у 2 знач.). Сытай і задаволенай бачылі мы афіцыйную Амерыку, прадстаўнікоў чыноўнага свету, .. сенатараў, кангрэсменаў. Лынькоў.

[Англ. congressman.]

кандамі́ніум, ‑у, м.

Дзяржаўнае кіраванне якой‑н. тэрыторыяй сумесна дзвюма або некалькімі краінамі.

[Лац. condominium ад con — з, разам і donimium — валоданне.]

кандацье́р, ‑а, м.

Кіраўнік наёмнай дружыны ў Сярэдневяковай Італіі. // Кніжн. Пра чалавека, які дзеля выгады гатоў абараняць любую справу.

[Іт. condottiere ]

кандзібо́берам, прысл.

У выразе: хадзіць кандзібоберам гл. хадзіць.

кандуі́т, ‑а, М ‑дуіце, м.

У дарэвалюцыйнай школе — журнал, у які заносіліся звесткі аб паводзінах вучняў.

[Ад фр. conduite — паводзіны.]

канду́ктар, ‑а, м.

1. Работнік чыгуначнага транспарту, які суправаджае цягнік і наглядае за парадкам у ім. // Работнік гарадскога транспарту, які прадае білеты ў тралейбусах, аўтобусах, трамваях і наглядае за парадкам у іх. Кандуктар трамвая. Аўтобус без кандуктара.

2. Прыстасаванне да свідравальных станкоў, якое забяспечвае ўзаемна правільнае размяшчэнне інструмента і вырабу, які апрацоўваецца.

[Ад лац. conductor — праваднік.]

канду́ктарка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Разм. Жан. да кандуктар (у 1 знач.).

канду́ктарскі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да кандуктара (у 1 знач.). Кандуктарская сумка. Кандуктарская форма. □ Нямецкая варта пазашывалася ў тамбурныя кандуктарскія будкі, якія зрэдку трапляліся на цыстэрнах. Лынькоў. // Які складаецца з кандуктараў. Кандуктарская брыгада.

2. у знач. наз. канду́ктарская, ‑ай, ж. Службовае памяшканне для кандуктараў (у 1 знач.). — Зноў тут стынеш? Заходзь у кандуктарскую. Карамазаў.

канды́ба, ‑ы, ж.

1. Разм. Пра кульгавага чалавека.

2. толькі мн. (канды́бы, ‑дыбаў). Абл. Хадулі. Спачатку хлопец не мог і кроку ступіць на мыліцы, а потым успомніў, як хадзіў некалі на кандыбах, і зашпацыраваў на трох нагах лепш, як на дзвюх. Кулакоўскі.