Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

канве́ер, ‑а, м.

Прыстасаванне для бесперапыннага перамяшчэння вырабаў пры іх апрацоўцы ад аднаго рабочага да другога або для транспарціроўкі грузаў. Па грукату, што рабілі .. [адліўкі], падаючы на канвеер, які нёс іх кудысьці ў цёмны правал у сцяне, адчувалася, што адліўкі важкія, з металу. Карпаў.

•••

Зялёны канвеер — сістэма планавай вытворчасці зялёных кармоў для бесперапыннага забеспячэння жывёлы на працягу ўсяго пашавага сезону.

Па канвееру — ад аднаго да другога (перадаваць і пад.).

Сысці (сыходзіць) з канвеера гл. сысці.

[Англ. conveyer.]

канве́ерны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да канвеера. Канвеерная сістэма. Канвеерная зборка машын. Канвеерны агрэгат.

канве́ершчык, ‑а, м.

Рабочы, які кіруе рухам канвеера.

канве́ершчыца, ‑ы, ж.

Жан. да канвеершчык.

канвеерызава́цца, ‑зуецца; незак.

Зал. да канвеерызаваць.

канвеерызава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., што.

Забяспечыць (забяспечваць) канвеерам, перавесці (пераводзіць) на канвеерную (паточную) сістэму. Канвеерызаваць вытворчасць.

канвеерыза́цыя, ‑і, ж.

Пераход на канвеерную (паточную) сістэму працы.

канвекцы́йны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да канвекцыі, звязаны з ёй. Канвекцыйныя працэсы ў атмасферы.

канве́кцыя, ‑і, ж.

Перанос цяпла або электрычных зарадаў у выніку перамяшчэння навакольнага асяроддзя. Канвекцыя цяпла. // Водаабмен паміж верхнімі і ніжнімі слаямі ў акіянах, морах і азёрах, выкліканы змяненнем шчыльнасці вады, рознасцю тэмператур і салёнасці.

[Ад лац. convectio — прывоз, прынясенне.]

канве́нт, ‑а, М ‑нце, м.

Гіст. Назва выбарных органаў з асобымі заканадаўчымі паўнамоцтвамі ў некаторых краінах.

•••

Нацыянальны канвент — нацыянальны сход, вышэйшы прадстаўнічы орган у Францыі ў часы буржуазнай рэвалюцыі канца 18 ст.

[Ад лац. conventus — сход.]