Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

кана́тчык, ‑а, м.

Рабочы, які вырабляе канаты.

кана́ус, ‑у, м.

Сорт шчыльнай шаўковай тканіны.

кана́усавы, ‑ая, ‑ае.

Зроблены з канаусу.

кана́ўка, ‑і, ДМ ‑наўцы; Р мн. ‑навак; ж.

1. Памянш. да канава; невялікая канава. Зіна прынесла з вёскі рыдлёўку, выкапалі канаўку, каб хавацца ад налётаў. Кулакоўскі.

2. Невялікае прадаўгаватае паглыбленне ў чым‑н. Канаўкі на зайцы. Конаўкі ў падшыпніках.

кана́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Паміраць у муках, канчацца. [Астаповіч] чуў, як трашчала сухое дрэва ў агні і як з агню рвуцца стогны і енкі тых, хто там канае ў нечалавечых пакутах. Чорны. [Лабыш:] Яна ўжо канае! Свечку, свечку нясіце! Козел. // Выражае найвышэйшую ступень хацення, жадання і пад. — Канае малы, просіць, каб паказаў яму крыгаход. Краўчанка.

2. перан. Канчацца, набліжацца да канца. Прыгажэй за ўсё гасцінец пад вечар, калі канае дзень, нікне ў рэдкай смузе. Пташнікаў. Пакуль рэдактар дачытваў і папраўляў сваю газету, агарак свечкі пачынаў канаць. Колас.

канва́, ‑ы, ж.

1. Рэдкая сятчатая тканіна, баваўняная або льняная, якая служыць асновай пры вышыванні крыжам. Вучыла бабка Ягася.. [Алаізу] і рукадзеллю: вышываць крыжыкамі па канве. Арабей.

2. перан. Аснова чаго‑н. Сюжэтная канва рамана. □ Цягнецца канва жыцця бесперапынна, і ўсё новыя ўзоры з’яўляюцца на ёй. Пестрак.

•••

Храналагічная канва — пералік падзей, размешчаных у парадку храналагічнай паслядоўнасці.

[Фр. canevas.]

канваі́р, ‑а, м.

1. Чалавек, які суправаджае каго‑, што‑н. для аховы або прадухілення ўцёкаў. Расстрэльвалі [заложнікаў] вечарам, на дворыку турмы. Не хапала канваіраў, каб весці некуды за горад. Лынькоў. Шпікі і агенты.. ідуць расцягнутым ланцугом адзін за адным.. Паперадзе Саўка і два яго канваіры. Колас.

2. Баявое судна, якое суправаджае для аховы асобны карабель ці групу караблёў.

канваі́раванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. канваіраваць.

канваі́равацца, ‑руецца; незак.

Зал. да канваіраваць.

канваі́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак., каго-што.

Суправаджаць канвоем. Лясніцкі засмяяўся, — Здорава ж яны баяцца мяне, калі думаюць канваіраваць цэлай ротай. Шамякін.