Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

паве́рнуты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад павярнуць.

паве́рсе, прысл.

1. Па верхняй частцы чаго‑н.; верхам. Пажар ішоў паверсе.

2. Разм. Зверху, паверх чаго‑н. [Пніцкі] падперазаўся паверсе вузенькаю папружкаю. Чорны.

паве́рх 1, ‑а, М ‑рсе, м.

1. Частка будынка, у якой памяшканні знаходзяцца на адным узроўні. Жыць на пятым паверсе. Падняцца на трэці паверх. □ Нагляная аграмадзіна ў чатыры паверхі высілася насупроць гарадскога парку. Бядуля. Дзяўчаты ўзбеглі па сходках на другі паверх. Мурашка.

2. Рад прадметаў або ярусаў, размешчаных гарызантальна адзін над другім. У бараках паліцы былі зроблены ў тры паверхі. Маўр.

паве́рх 2, прысл. і прыназ.

1. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «паверх» выражае прасторавыя адносіны: ужываецца пры абазначэнні паверхні, вышэй якой або на некаторай адлегласці ад якой размяшчаецца што‑н. ці адбываецца якое‑н. дзеянне. Валя скончыла граць і глядзіць кудысьці паверх піяніна, некалькі разоў, час ад часу, яна бярэ самыя апошнія акорды і прыслухоўваецца да іх. Чорны. Там-сям паверх вады бездапаможна высоўвалася затопленая лаза. Краўчанка. Заранік хацеў ужо развітацца, але рэдактар, прыўзняўшы галаву, глянуў на яго паверх акуляраў. Хадкевіч.

2. прыназ. з Р. На паверхні чаго‑н. Рыгор Яўхімавіч паклаў сшытак пад падушку, прылёг на ложак паверх коўдры. Асіпенка. Не прайшло і хвіліны, як у калідоры затупацелі ногі і на парозе з’явіўся чалавек у сінім халаце паверх бялізны. Быкаў.

3. прысл. Зверху, з напускам на што‑н. Верхнюю рубашку, выпушчаную паверх, .. [Ксавэр] насіў без падпяразкі. Чорны.

паве́рхневы, ‑ая, ‑ае.

Які знаходзіцца на паверхні, недалёка ад паверхні. Паверхневыя пароды. Паверхневыя слаі глебы. // Які адбываецца на паверхні. Паверхневае выпарэнне. Паверхневы сцёк вады. // Неглыбокі. Паверхневае дыханне.

паве́рхня, ‑і, ж.

1. Вонкавы бок (звычайна верхні) чаго‑н. Паверхня металу. Паверхня кары галаўнога мозга. □ Вячэрняе сонца свяціла ў пакой, і на паліраванай паверхні стала засталася чорная бліскучая палоска. Шыцік. // Верхні пласт, слой чаго‑н. Паверхня вады. Паверхня снегу. □ [Дождж] ласкава барабаніў па парусіне, шамацеў па паверхні ракі. Шамякін. // Сукупнасць гор, нізін; рэльеф. Раўнінная паверхня. Паверхня Беларусі. □ Паверхня Марса фатаграфавалася ў праменях рознага колеру. «Беларусь».

2. У геаметрыі — мяжа, якая аддзяляе геаметрычнае цела ад знешняй прасторы або ад іншага цела. Паверхня шара. Цыліндрычная паверхня.

•••

Выйсці (усплыць) на паверхню гл. выйсці.

Слізгаць па паверхні гл. слізгаць.

паве́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак.

1. у што. Стаць цвёрда перакананым, упэўненым у чым‑н. Паверыць у свае сілы. Паверыць у перамогу. □ Праўда, у якую паверыў змоладу, якой кіраваўся ў жыцці, сапраўдная, непадробная! Навуменка. «Кахаю» я не гаварыў, Не пераконваў важка... Нашто паверыла ў парыў? Мне проста было цяжка. Дукса. // у каго. Палічыць каго‑н. здольным здзейсніць надзеі, спадзяванні. Не рабіце мне скідак, Паверце ў мяне, Як рака У вясну гэту шчыра паверыла. Мацяш.

2. Прыняць за праўду, палічыць верагодным, адпаведным рэчаіснасці. Паверыць чуткам. □ Што дарагі Якім застанецца тут, на чужыне, далёка ад роднага дома, ляжаць у сырой зямлі, у братняй магіле пры дарозе, пад зялёным узгорачкам — Міхась не мог уявіць і паверыць жорсткай яве. Машара. Канькоў нават не паверыў сваім вылічэнням. Асіпенка. Не паверыць народ Абяцанкам, Не будзе пакорны Цярпець і стагнаць. Глебка.

3. Згадзіцца з кім‑н., прыняць чые‑н. словы за праўду. [Жэня:] — Жонка друга не верыць нам, баіцца нас. Не паверыла нават мне, якому заўсёды, як брату, верыў Андрэй. Брыль. — Не, — кажа Іван, — не паверу табе: ты падманеш. Якімовіч.

4. што на каго-што. Даручыць або даверыць што‑н., спадзеючыся на цэласць, зварот даверанага, даручанага. [Усевалад:] — Ты цяпер тонка ведаеш падыспад гэтае машыны. Ты сам будзеш поўны гаспадар — я ўсё магу на цябе паверыць. Скрыган.

5. у знач. пабочн. паве́р(це), паве́рыш (паве́рыце). Ужываецца ў гутарцы для большага пераканання субяседніка. [Тодар:] — А потым аперацыю зрабілі, ды, паверыце, такую, што ніхто тут у нас і не браўся яшчэ! Нікановіч.

паве́сіцца, ‑вешуся, ‑весішся, ‑весіцца; зак.

1. Кончыць сваё жыццё самагубствам праз павешанне. Зося параніла нажом свайго гаспадара, а сама хацела павесіцца. Бажко.

2. Налегчы ўсім цяжарам на каго‑, што‑н. і павіснуць. Павесіцца на руку сябра.

•••

Павесіцца на шыю — навязацца (пра жанчыну ў адносінах да мужчыны).

паве́сіць, ‑вешу, ‑весіш, ‑весіць; зак., каго-што.

1. Надаць чаму‑н. вісячае становішча. Павесіць на сцяну карціну. Павесіць паліто на вешалку. □ Пракоп сеў, зняў шапку і павесіў яе на заціснуты між каленяў кій. Колас.

2. Пакараць смерцю цераз павешанне. Старых [немцы] вывелі на калгасны двор і павесілі на дупл[я]ватай паўзасохлай бярозе. Лынькоў.

•••

Павесіць (звесіць) галаву — замаркоціцца, затужыць.

Павесіць (апусціць, звесіць) нос — засумаваць, зажурыцца, замаркоціцца.

павеслава́ць, ‑вяслую, ‑вяслуеш, ‑вяслуе; зак.

1. Веславаць некаторы час. — Дай я павяслую, — папрасіў хлопчык. Ваданосаў.

2. Вяслуючы, паплыць куды‑н. Яны выгрузілі з чоўна раску, і Саша зноў павеславаў у затоку. Хомчанка.

паве́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Афіцыйнае пісьмовае паведамленне з выклікам куды‑н. Праз некалькі дзён .. [Валі] прыйшла павестка з явіцца ў гарадскую ўправу, а неўзабаве прыйшоў і нарад паліцыі. Няхай. І тых, каму ўручаліся павесткі, Дарога павяла ў ваенкамат. Смагаровіч.

2. Круг пытанняў, якія павінны быць абмеркаваны на сходзе, пасяджэнні. Даклад пачаўся пасля таго, калі была прынята павестка. Васілевіч.

•••

Павестка дня — тое, што і павестка (у 2 знач.). Павестка дня вялікая і разнастайная, і сход абяцае зацягнуцца да самага вечара. Крапіва.