паверх 1, ‑а, М ‑рсе, м.
1. Частка будынка, у якой памяшканні знаходзяцца на адным узроўні. Жыць на пятым паверсе. Падняцца на трэці паверх. ▪ Нагляная аграмадзіна ў чатыры паверхі высілася насупроць гарадскога парку. Бядуля. Дзяўчаты ўзбеглі па сходках на другі паверх. Мурашка.
2. Рад прадметаў або ярусаў, размешчаных гарызантальна адзін над другім. У бараках паліцы былі зроблены ў тры паверхі. Маўр.
паверх 2, прысл. і прыназ.
1. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «паверх» выражае прасторавыя адносіны: ужываецца пры абазначэнні паверхні, вышэй якой або на некаторай адлегласці ад якой размяшчаецца што‑н. ці адбываецца якое‑н. дзеянне. Валя скончыла граць і глядзіць кудысьці паверх піяніна, некалькі разоў, час ад часу, яна бярэ самыя апошнія акорды і прыслухоўваецца да іх. Чорны. Там-сям паверх вады бездапаможна высоўвалася затопленая лаза. Краўчанка. Заранік хацеў ужо развітацца, але рэдактар, прыўзняўшы галаву, глянуў на яго паверх акуляраў. Хадкевіч.
2. прыназ. з Р. На паверхні чаго‑н. Рыгор Яўхімавіч паклаў сшытак пад падушку, прылёг на ложак паверх коўдры. Асіпенка. Не прайшло і хвіліны, як у калідоры затупацелі ногі і на парозе з’явіўся чалавек у сінім халаце паверх бялізны. Быкаў.
3. прысл. Зверху, з напускам на што‑н. Верхнюю рубашку, выпушчаную паверх, .. [Ксавэр] насіў без падпяразкі. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)