паве́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак.
1. у што. Стаць цвёрда перакананым, упэўненым у чым‑н. Паверыць у свае сілы. Паверыць у перамогу. □ Праўда, у якую паверыў змоладу, якой кіраваўся ў жыцці, сапраўдная, непадробная! Навуменка. «Кахаю» я не гаварыў, Не пераконваў важка... Нашто паверыла ў парыў? Мне проста было цяжка. Дукса. // у каго. Палічыць каго‑н. здольным здзейсніць надзеі, спадзяванні. Не рабіце мне скідак, Паверце ў мяне, Як рака У вясну гэту шчыра паверыла. Мацяш.
2. Прыняць за праўду, палічыць верагодным, адпаведным рэчаіснасці. Паверыць чуткам. □ Што дарагі Якім застанецца тут, на чужыне, далёка ад роднага дома, ляжаць у сырой зямлі, у братняй магіле пры дарозе, пад зялёным узгорачкам — Міхась не мог уявіць і паверыць жорсткай яве. Машара. Канькоў нават не паверыў сваім вылічэнням. Асіпенка. Не паверыць народ Абяцанкам, Не будзе пакорны Цярпець і стагнаць. Глебка.
3. Згадзіцца з кім‑н., прыняць чые‑н. словы за праўду. [Жэня:] — Жонка друга не верыць нам, баіцца нас. Не паверыла нават мне, якому заўсёды, як брату, верыў Андрэй. Брыль. — Не, — кажа Іван, — не паверу табе: ты падманеш. Якімовіч.
4. што на каго-што. Даручыць або даверыць што‑н., спадзеючыся на цэласць, зварот даверанага, даручанага. [Усевалад:] — Ты цяпер тонка ведаеш падыспад гэтае машыны. Ты сам будзеш поўны гаспадар — я ўсё магу на цябе паверыць. Скрыган.
5. у знач. пабочн. паве́р(це), паве́рыш (паве́рыце). Ужываецца ў гутарцы для большага пераканання субяседніка. [Тодар:] — А потым аперацыю зрабілі, ды, паверыце, такую, што ніхто тут у нас і не браўся яшчэ! Нікановіч.