Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

капко́вы, ‑ая, ‑ае.

Зроблены з капку. Капковая камізэлька.

каплепадо́бны, ‑ая, ‑ае.

Падобны на каплю (у 1 знач.). Каплепадобная будова рэчыва.

каплі́ца, ‑ы, ж.

Невялікі царкоўны або касцельны будынак з іконамі без алтара; малельня. На пагорку ўзвышалася капліца — сіняя, з залатым крыжам цэркаўка. Асіпенка. Змоўкнуў звон хаўтурны На старых капліцах. Колас.

каплі́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Памянш.-ласк. да капліца; невялікая капліца. На адным канцы сяла старэнькая абымшэлая каплічка. Мурашка. Каля вёскі Лясная, што на Магілёўшчыне, даўно стаіць невялікая каплічка — помнік у гонар бітвы паміж войскамі Пятра І і шведскім корпусам генерала Левенгаўпта. «Полымя».

каплі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да капліцы. Каплічны крыж.

каплу́н, ‑а, м.

Пакладаны певень, якога адкормліваюць на мяса.

[Ад ням. Kapphahn.]

ка́пля, ‑і; Р мн. ‑пель; ж.

1. Невялічкая акруглая часцінка якой‑н. вадкасці; кропля. Капля расы. Каплі поту на твары. □ З халодным ветрам урываліся частыя каплі дажджу, адганялі сон, бадзёрылі. Лынькоў. Капля слёз на зрэбнай кашулі Здавалася капляй крыві. Чарот.

2. толькі мн. (ка́плі, ‑пель). Разведзенае на чым‑н. лякарства, якое прымаецца па пэўнай колькасці такіх часцінак. Сардэчныя каплі. Мятныя каплі: Выпіць капель.

3. перан.; толькі адз., чаго. Разм. Самая нязначная колькасць чаго‑н. Газы ў лямпе засталася адна капля. // у знач. прысл. ка́плю. Зусім нямнога, чуць-чуць. Удзяліць каплю ўвагі.

•••

Да (апошняй) каплі — усё без астатку (выпіць, расходаваць і пад.).

Да апошняй каплі крыві — ахвяруючы ўсім, не шкадуючы жыцця (змагацца, біцца, абараняцца і пад.).

Капля за капляй — паступова, патрошку.

Капля ў каплю — абсалютна, поўнасцю (падобен, супадае і пад.).

Капля ў моры — вельмі нязначная колькасць у параўнанні з чым‑н. вялікім.

Ні каплі — ніколькі, ані.

Ні каплі ў рот не браць гл. браць.

Як дзве каплі вады — абсалютна, поўнасцю (падобен, супадае і пад.).

капну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

Разм. Тое, што і капну́ць (у 2 знач.).

ка́пнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Аднакр. да ка́паць.

капну́ць, ‑ну́, ‑не́ш, ‑не́; ‑нём, ‑няце́; зак.

1. Аднакр. да капа́ць (у 1 знач.).

2. перан. Унікнуць у што‑н., дабрацца да чаго‑н. Толькі капні — адразу заўважыш недахопы.

капо́к, ‑пку, м.

Валакно, якое здабываюць з пладоў так званага баваўнянага дрэва і выкарыстоўваюць для набівання матрацаў і розных тэхнічных мэт (гукаізаляцыі і пад.).

[Малайск. kapok.]