Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

кавале́рскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да кавалера, належыць яму. Кавалерскі такт. □ [Падлоўчы] успамінаў тады свае маладыя кавалерскія гады, свой жывы і гарачы нораў, свой спрыт да паненак. Колас.

кавале́рства, ‑а, н.

Стан, паводзіны кавалера. Часамі ж да іх і хлопцы далучацца, бо былі такія, што і пажартаваць ужо любілі з дзяўчатамі і так ці іначай сваё кавалерства выказвалі. Колас.

кавалеры́йскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да кавалерыі, да кавалерыстаў, належыць ім. Кавалерыйскі атрад. Кавалерыйскі казакін. Кавалерыйская атака. □ Кавалерыйская шабля і маўзер у драўлянай кабуры целяпаліся ля страмён. Лынькоў.

кавалеры́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Салдат, афіцэр, які служыць у кавалерыі. Камбрыгу было дваццаць пяць год. Кавалерыст, лейтэнант кадравай службы. Брыль. // Разм. Пра ўмелага, вопытнага наезніка. Сяды-тады.. [старшыня], як дасканалы кавалерыст, любіў віхрам пранесціся на сваім «Ворану». Колас.

кавале́рыя, ‑і, ж.

Конніца, коннае войска. [Старшыня] служыў у кавалерыі, прывык хадзіць за канём і ўмеў хадзіць. Колас.

•••

Лёгкая кавалерыя — конніца з лёгкаўзброеных воінаў на спецыяльна падабраных быстраходных конях.

Цяжкая кавалерыя — конніца з цяжкаўзброеных воінаў на спецыяльна падабраных конях.

[Фр. cavalerie.]

кавалёў, ‑лёва.

Які належыць кавалю. Кавалёў сын. □ Чырвонаармеец.. глянуў здалёку на шыбы новай кавалёвай хаты. Бядуля.

кавалі́ха, ‑і, ДМ ‑лісе, ж.

Разм. Жонка каваля.

кава́ль, ‑я, м.

Рабочы, майстар, які займаецца коўкай металу. Крутаплечы, з пудовымі кулакамі, каваль Кастусь Махнач з ранку да вечара рамантаваў са, сваімі памочнікамі плугі, бароны, перацягваў полы, акоўваў перадкі. Курто. // перан. Той, хто сваёй настойлівай працай дамагаецца чаго‑н., стварае што‑н. Каваль свайго шчасця. □ Нас мільёны... Мы інакшай, Лепшай долі кавалі. Таўбін.

кавалье́р, ‑а, м.

Насып уздоўж дарогі, канала або канавы.

[Фр. cavalier.]

кавалька́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Група коннікаў на прагулцы.

[Фр. cavalcade.]