Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

зарубцава́ны, ‑ая, ‑ае.

Які зажыў, зарубцаваўся. Зарубцаваная рана.

зарубцава́цца, ‑цуецца; зак.

Зажыць, пакінуўшы рубец, шрам (пра рану). Налівайка гэтым часам прабіўся, твар зарубцаваўся, ён прабаваў ужо хадзіць на пратэзнай назе. Гурскі.

зарубцо́ўвацца, ‑аецца.

Незак. да зарубцавацца.

зарудзе́лы, ‑ая, ‑ае.

Які зарудзеў, зрабіўся рудым. Зарудзелы каўнер сарочкі. □ Бацька прыпаліў люльку, разы са тры чмыхнуў .., разглядаючы зарудзелыя ад табакі пальцы. Савіцкі.

зарудзе́цца, ‑еецца; зак.

Тое, што і зарудзець. Валасы ад сонца наперадзе зарудзеліся. Мележ.

зарудзе́ць, ‑ее; зак.

Разм. Зрабіцца рудым; зрудзець. Папера ад сонца зарудзела.

заружаве́лы, ‑ая, ‑ае.

Які заружавеў, зрабіўся ружовым. На фоне заружавелай каронкі неба вырысоўваліся сілуэты будынкаў і калодзежных жураўлёў. М. Ткачоў.

заружаве́цца, ‑еюся, ‑еешся, ‑еецца; зак.

Разм. Тое, што і заружавець. Учора нанач вецер сціх, заружавелася на захадзе неба, памацнеў холад, паказвала на мароз. Пташнікаў. Шчокі .. [Алесі] заружавеліся яшчэ больш, і яна выступіла наперад, каб папрасіць слова. Пестрак.

заружаве́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Стаць ружовым, паружавець. На ўсходзе заружавела неба: канчалася кароткая летняя ноч. Шамякін. // Пакрыцца румянцам. — Разумею, Васіль Цімафеевіч, — збянтэжана адказала жанчына, мімаволі ўстаючы. Маленькія вушы яе крыху заружавелі. Мележ.

зару́ка, ‑і, ДМ ‑руцы, ж.

Залог, гарантыя. Адно толькі цешыла сэрца: народ не хоча змірыцца з такім ладам. І ў гэтым — зарука перамогі. Колас. Зарука творчых поспехаў савецкай літаратуры ў шчыльнай, самай цеснай сувязі пісьменнікаў з практыкай сацыялістычнага будаўніцтва. Галавач.