Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

канапе́лька, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑ляек; ж.

Народная назва некаторых відаў лугавых траў (дрыжніку, кураслепу і інш.).

кана́пка, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.

Памянш. да канапа; невялікая канапа. Свідраль меў звычку пасля работы пераапрануцца ў піжаму і, пакуль жонка згатуе вячэру, паляжаць з газетай на мяккай канапцы, крыху падрамаць. Дуброўскі.

канаплі́на, ‑ы, ж.

Адно каліва, зерне канапель.

канапляво́д, ‑а, М ‑дзе, м.

Той, хто вырошчвае каноплі.

канапляво́дства, ‑а, н.

Вырошчванне канапель як галіна сельскай гаспадаркі. Майстар канапляводства. Развіццё канапляводства.

канапляво́дчы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да канапляводства; звязаны з ім. Канапляводчы раён. Канапляводчае звяно.

канапля́нік, ‑а, м.

1. Участак зямлі, засеяны каноплямі. Непадалёк ад сядзібы канчалася паласа канапляніку. Галавач.

2. Абл. Верабей. Пырхаюць чародкі канаплянікаў. Сачанка. Мікола маўчаў, паглядаючы, як за акном на плоце падскоквалі нахохленыя ў прадчуванні зімы канаплянікі. Краўчанка.

канапля́нішча, ‑а, н.

Участак поля, з якога сабралі каноплі.

канапля́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Невялікая пеўчая птушка атрада вераб’іных, якая жывіцца пераважна насеннем пустазелля. Якіх толькі птушак не было ў Васевай клетцы! І маленькія канаплянкі, і шчабятлівыя сінічкі, і асцярожныя снегіры. Пальчэўскі.

2. Разм. Цёплая парцяная хустка фабрычнага вырабу. Жанчына паспешліва паднялася, паправіла на галаве рабую канаплянку, завязаную пад падбародкам. Васілевіч. Агаціна галава была ўкручана хусткай-канаплянкай, дык яна, мусіць, так не адчувала сіверу. Сабаленка.

канапля́ны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да канапель. Канапляная траста. Канаплянае семя. // Выраблены, атрыманы з семя канапель. Канапляны алей. Канапляная макуха.