задымі́цца 1, ‑дымлюся, ‑дымішся, ‑дыміцца; зак.
Пацямнець ад сажы, дыму; задымець 1. За месяц .. ляснога жыцця ўвесь задымішся, як смаляк. Лупсякоў.
задымі́цца 2, ‑дыміцца; зак.
Пачаць дыміцца.
задымі́ць 1, ‑дымлю, ‑дыміш, ‑дыміць; зак., каго-што.
Закурыць, закапціць. Задыміць столь. // Напоўніць дымам.
задымі́ць 2, ‑дымлю, ‑дыміш, ‑дыміць; зак.
Пачаць дыміць.
зады́мленасць, ‑і, ж.
Стан задымленага (у 2 знач.).
зады́млены, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад задыміць 1.
2. у знач. прым. Пацямнелы ад дыму, сажы. Казалі, у лагчыне калісьці красавалася вёска, — цяпер на тым месцы не было нават задымленых печышчаў. Мележ. Задымленая маленькая кузня нагадвала тыя часы, калі [Міхал] з Тэафілам працавалі ўдваіх вечарамі ў гулкім кавальскім цэху. Самуйлёнак.
задыскава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., што.
Апрацаваць глебу дыскавай бараной, дыскавым культыватарам. Задыскаваць асенняе ворыва.
зады́ханы, ‑ая, ‑ае.
Які задыхаўся, пачаў цяжка і часта дыхаць. Маці ўбегла задыханая, перапалоханая. Мележ. Коні, узмыленыя і задыханыя, пяліся ў пастронках, гналі баразну. Капыловіч.
зады́хацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Пачаць цяжка і часта дыхаць, стаміўшыся ад вялікай фізічнай нагрузкі. Падбег бацька. Задыхаўся і ў першую хвіліну не мог вымавіць слова. Навуменка. [Казік] задыхаўся, пакуль узлез на ганак. Чарнышэвіч.
задыха́цца, ‑а́юся, ‑а́ешся, ‑а́ецца; незак.
1. Адчуваць цяжкасць у дыханні з-за недахопу паветра; траціць магчымасць свабодна дыхаць па якой‑н. прычыне. Язэп скінуў гімнасцёрку — проста згараў, задыхаўся ад духаты. Асіпенка. Абраза балюча пякла сэрца. Дзяўчына задыхалася ад гневу і сораму. Шамякін. // перан. З цяжкасцю вытрымліваць што‑н. Рэспубліка задыхаецца ад франтоў, голаду і холаду. Барашка. Беларускае сялянства задыхалася ад беззямелля і малазямелля, ад памешчыцкай і кулацкай навалы. Івашын.
2. Паміраць ад недахопу паветра, ад дыму, удушлівых газаў. Заціснутая ў мураваны склеп ахвяра паступова задыхалася. «Работніца і сялянка». Марынчук не перапытваў. Нам і так было відаць, што яму цяжка дыхаць, не хапае паветра, ён проста задыхаецца. С. Александровіч.
зады́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Пачаць дыхаць.
задыхну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся.
Зак. да задыхацца.
зады́шка, ‑і, ДМ ‑шцы, ж.
Цяжкае частае дыханне (пры вялікай фізічнай нагрузцы або хваробе); дыхавіца. — Скажыце, дзе тут трактарны завод? — ледзь вымаўляючы ад задышкі словы, звярнуўся Васіль да [шафёра]. Кулакоўскі. Увайшоў дацэнт Садовіч — грузны, з задышкай, выкладчык супрамату. Карпаў.