Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

канакра́дства, ‑а, н.

Крадзеж коней; занятак канакрада. У Вепрах былі і Саўкавы прыяцелі, даўнейшыя хаўруснікі па часці канакрадства. Колас.

кана́л, ‑а, м.

1. Напоўненае вадой штучнае рэчышча, прызначанае для суднаходнай сувязі паміж асобнымі вадаёмамі, а таксама для водазабеспячэння, арашэння, асушэння балот і інш. Асушальны канал. Беламорска-Балтыйскі канал. Абвадняльны канал. □ Машына стаяла сярод алешніку, на беразе роўнага, як страла, калектарнага канала, які ўразаўся ў глыб балота. Краўчанка.

2. Вузкая поласць у выглядзе трубы, трубкі ўнутры чаго‑н. Канал ствала гарматы. Кабельны канал.

3. У арганізме жывёлы і чалавека — звілістая трубка, праз якую праходзяць тыя ці іншыя рэчывы. Кішэчны канал. Мочаспускальны канал.

4. Спец. Лінія сувязі, камунікацыі. Перадача вядзецца па трох каналах.

5. толькі мн. (кана́лы, ‑аў); перан. Шляхі пранікнення, пашырэння чаго‑н.; сродкі для дасягнення чаго‑н. Дыпламатычныя каналы. □ Шырокія і трывалыя гандлёвыя сувязі горада з Масквой, Ноўгарадам, Смаленскам .. служылі разам з тым і каналамі культурных сувязей. Алексютовіч.

[Ад лац. canalis — труба.]

каналаачышча́льнік, ‑а, м.

Машына для ачысткі арашальных і асушальных каналаў.

каналакапа́льнік, ‑а, м.

Машына для капання арашальных і асушальных каналаў.

каналізава́цца, ‑зуецца; незак.

Зал. да каналізаваць.

каналізава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., што.

Забяспечыць (забяспечваць) каналізацыйнай сеткай; правесці (праводзіць) каналізацыю. Каналізаваць пасёлак. Каналізаваць дом.

каналіза́тар, ‑а, м.

Спецыяліст па каналізацыйных работах.

каналізацы́йны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да каналізацыі. Каналізацыйныя трубы. Каналізацыйная сетка.

каналіза́цыя, ‑і, ж.

Сістэма труб, падземных каналаў і іншых санітарна-тэхнічных збудаванняў для прыёму, ачысткі і выдалення сцёкавых вод. Правесці каналізацыю. Мясцовая каналізацыя.

каналу́п, ‑а, м.

Разм. пагард. Чалавек, які здзірае шкуру з нежывых коней.