Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

палатня́ны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да палатна (у 1 знач.). Палатнянае перапляценне. // Зроблены з палатна. З-пад разарванага каўняра палатнянай сарочкі відаць быў матроскі цельнік. Лынькоў. На стале гарыць лямпа пад жоўтым палатняным абажурам.

палаўча́нка,

гл. полаўцы.

палахлі́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць палахлівага. Дзяўчаты паціху шэпчуцца і дапытлівымі поглядамі цікуюць за хлапцамі. У іхніх поглядах і насцярожанасць і палахлівасць. Галавач.

палахлі́вец, ‑ліўца, м.

Разм. Палахлівы, нясмелы чалавек. [Жонка:] — Палахлівец ты, вось што я табе скажу. Ты ўсяго баішся. Лынькоў.

палахлі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які лёгка палохаецца, баязлівы. Нашто ўжо палахлівы чорны дрозд, а і той да вады хоць і.. азіраючыся, але падыдзе. Ігнаценка. Асабліва тонка ўспрымаюць.. [вушы пагранічніка] хаду парушальніка, заўсёды дакладна адрозніваючы яе ад бязгрэшнай хады палахлівай сарны. Брыль. // Які выражае нясмеласць, прасякнуты баязлівасцю. Разбуджаны балотны кулік два разы падаў тонкі палахлівы голас. Кулакоўскі. Кузьма ўпаў на зямлю і палахлівымі вачыма пазіраў на Грышку. Чарот.

2. перан. Разм. Мітуслівы, дрыготкі. Па хмарках слізгануўся палахлівы слуп пражэктара і знік, як падрэзаны. Лынькоў. У хаце па кутках заскакалі палахлівыя цені. Сіняўскі.

палахлі́ўка, ‑і, ДМ ‑ліўцы; Р мн. ‑лівак; ж.

Жан. да палахлівец.

пала́ц, ‑а, м.

1. Вялікі, раскошны, багаты будынак. То не дом, а палац, шмат акон, шмат калон. Бядуля. Вось ён, Пецярбург! Горад палацаў ды фабрык. Гартны. Над Віліяй у цэнтры горада стаяў вялізны палац Урублеўскіх. Карпюк. // Тое, што і замак (у 1, 2 знач.). Рукамі нявольнікаў насыпаны [замкавы] высокі вал, выкапаны глыбокія азёры, канавы, напоўненыя вадою, якія абкружаюць палац Радзівіла. Бялевіч. // Будынак, дзе пастаянна жыве і знаходзіцца цар, кароль, кіраўнік дзяржавы.

2. У складзе назваў некаторых будынкаў грамадскага прызначэння, якія звычайна выдзяляюцца сваёй архітэктурай. Палац піянераў. □ У Палацы будаўнікоў меўся быць вялікі самадзейны канцэрт. Ракітны.

[Іт. palazzo, ад лац. palatium.]

пала́цавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да палаца (у 1 знач.).

палацёр, ‑а, м.

1. Чалавек, які націрае падлогу (звычайна паркет).

2. Прылада для націрання падлогі. Электрычны палацёр.

палацёрны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да націрання падлогі. Палацёрныя работы. // Прызначаны для націрання падлогі. Палацёрная шчотка.