палац, ‑а, м.

1. Вялікі, раскошны, багаты будынак. То не дом, а палац, шмат акон, шмат калон. Бядуля. Вось ён, Пецярбург! Горад палацаў ды фабрык. Гартны. Над Віліяй у цэнтры горада стаяў вялізны палац Урублеўскіх. Карпюк. // Тое, што і замак (у 1, 2 знач.). Рукамі нявольнікаў насыпаны [замкавы] высокі вал, выкапаны глыбокія азёры, канавы, напоўненыя вадою, якія абкружаюць палац Радзівіла. Бялевіч. // Будынак, дзе пастаянна жыве і знаходзіцца цар, кароль, кіраўнік дзяржавы.

2. У складзе назваў некаторых будынкаў грамадскага прызначэння, якія звычайна выдзяляюцца сваёй архітэктурай. Палац піянераў. ▪ У Палацы будаўнікоў меўся быць вялікі самадзейны канцэрт. Ракітны.

[Іт. palazzo, ад лац. palatium.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)