палахлівы, ‑ая, ‑ае.

1. Які лёгка палохаецца, баязлівы. Нашто ўжо палахлівы чорны дрозд, а і той да вады хоць і.. азіраючыся, але падыдзе. Ігнаценка. Асабліва тонка ўспрымаюць.. [вушы пагранічніка] хаду парушальніка, заўсёды дакладна адрозніваючы яе ад бязгрэшнай хады палахлівай сарны. Брыль. // Які выражае нясмеласць, прасякнуты баязлівасцю. Разбуджаны балотны кулік два разы падаў тонкі палахлівы голас. Кулакоўскі. Кузьма ўпаў на зямлю і палахлівымі вачыма пазіраў на Грышку. Чарот.

2. перан. Разм. Мітуслівы, дрыготкі. Па хмарках слізгануўся палахлівы слуп пражэктара і знік, як падрэзаны. Лынькоў. У хаце па кутках заскакалі палахлівыя цені. Сіняўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)